Старонка:Смок Белью.pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лёны ліхтар фон-Шрэдэра і ніжэй, побач, чырвоны агонь, які адрозніваў яго ўласную запрэжку. Два чалавекі ахоўвалі сабак фон-Шрэдэра, стоячы з кароткімі дубінкамі між імі і дарогай.

— Эй, Смок, сюды! Эй, Смок, сюды! — пачуў ён усхваляваны голас Шорці.

— Іду! — прахроп ён.

Пры святле чырвонага ліхтара ён убачыў, што снег увесь зрыты і вытаптаны, і па цяжкаму дыханню свайго таварыша зразумеў, што тут адбывалася бойка. Ён кінуўся да санак і ў імгненне вока паваліўся ў іх. Шорці ўзмахнуў бізуном і крыкнуў:

— Пайшлі! Гэй вы, д’яблы! Жыва!

Сабакі нацягнулі пастромкі, санкі шалёна сарваліся з месца і паімчаліся. Гэта былі вялікія жывёлы — гудсонаўская прызавая запрэжка Хансона, — і Смок выбраў яе для першага перагону: дзесяць міль па рэчцы Мано, цяжкі пераход праз парог ля вусця і, нарэшце, першыя дзесяць міль па Юкону.

— Колькі чалавек наперадзе? — запытаўся ён.

— Маўчы і беражы дыханне, — адказаў Шорці. — Го! Гэй вы, чэрці! Шавяліцеся! Наперад, наперад!

Ён бег за санкамі, трымаючыся за кароткую вяроўку. Смок не мог бачыць яго; не бачыў ён таксама і санак, на якіх ляжаў сам, расцягнуўшыся ва ўвесь рост. Агні засталіся ззаду, і яны імчаліся, прарываючы сцяну змроку з хуткасцю, на якую толькі былі здольны сабакі. Ахутваючая цемра была амаль адчувальна і здавалася нечым рэчавым.

Смок адчуў, як санкі, робячы нябачаны паварот, наехалі на нешта наперадзе, і ўслед за тым пачулася гірчэнне сабак, пракляцці і лаянка. Гэтае месца пасля было вядома пад назваю Цясніны Барнея і Слакума. Тут запрэжкі гэтых двух шукальнікаў сутыкнуліся, і ў іх на поўным бягу ўрэзаліся сем вялізных сабак Смока. Узбуджэнне гэтай ночы давяло гэтых поўпрыручаных ваўкоў да шаленства. Кландайскіх сабак, якімі кіруюць без лейцаў, спыняюць звычайна толькі крыкам, і зараз не было ніякай магчымасці спыніць грызню, якая завязалася на вузкай дарозе. Ззаду адны санкі за другімі ўразаліся ў звалку. На людзей, якім ужо амаль удалося разблытаць свае запрэжкі, кацілася лавіна новых сабак, добра накормленых, адпачыўшых і рваўшыхся ў бой.

— А ну, ударым ды праскочым наперад! — пракрычаў Шорці на вуха свайму таварышу. — Глядзі беражы свае кулакі. Расцягніся і ляжы, я спраўлюся адзін!