Старонка:Смок Белью.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сорак пяць капюшонаў былі адкінуты назад. Сорак пяць пар рук скінулі рукавіцы. Сорак пяць пар макасінаў моцна ўпёрліся ва ўтаптаны снег. Потым сорак пяць калоў апусціліся ў снег і такая-ж колькасць малаткоў была ўзнята ў паветра.

Грымнулі стрэлы, і малаткі ўдарылі. Права Сайрэса Джансона на мільён было згублена. Каб пазбегчы таўханіны, лейтэнант Палок настаяў на тым, каб спачатку быў убіты ніжні цэнтральны кол, потым поўднёва-заходні і гэтак далей па ўсіх вуглах — і затым ужо, нарэшце, верхні цэнтральны кол ля самага шляху.

Смок убіў свой кол і пабег у ліку першых дванаццаці чалавек. Па вуглах гарэлі кастры, і ля кожнага кастра стаяў палісмен са спісам у руцэ, адзначаючы імёны спаборнічаючых. Кожны павінен быў назваць сваё імя і паказаць палісмену свой твар. Гэта рабілася для таго, каб калы не ўбіваліся падстаўленымі асобамі, а сапраўдныя ўдзельнікі не імчаліся ў гэты час уніз па рацэ.

У першым вуглу ля кала Смока фон-Шрэдэр убіў свой. Іх малаткі ўдарылі адначасова. Калі калы былі ўбіты, ззаду наспелі іншыя ўдзельнікі; яны беглі з такой мітуслівай імклівасцю, быццам наўмысна жадалі перашкодзіць адзін другому, утварыўшы бойку і таўханіну. Прабіўшыся сярод штурханіны і назваўшы сваё імя палісмену, Смок убачыў, як адзін з удзельнікаў наляцеў на барона, збіў яго з ног, і той упаў у снег. Але Смок не стаў чакаць. Наперадзе яго былі яшчэ другія. Пры святле патухаючага кастра ён заўважыў няясныя абрысы спіны Вялікага Олафа. У поўднёва-заходнім вуглу ён і Вялікі Олаф убілі свае калы побач.

Гэты папярэдні бег з перашкодамі быў нялёгкай справай. Граніца ўчастка ўвогуле складала каля мілі, і большая частка яго прадстаўляла сабой няроўную карычневую паверхню, пакрытую снегам. Вакол Смока ўсе спатыкаліся і падалі, і некалькі разоў ён сам ляцеў наперад на рукі і на калені. Вялікі Олаф упаў так блізка, што Смок паваліўся на яго.

Ніжні цэнтральны кол быў убіты ля самага спуску да берага, і золаташукальнікі кінуліся ўніз па замерзламу руслу рэчкі на процілеглы бераг. Тут, калі Смок карабкаўся ўгару, чыясьці рука схапіла яго за нагу і кінула ўніз. Пры патухаючым святле аддаленага кастра не было ніякай магчымасці ўбачыць, хто сыграў з ім такую штуку. Але Біль з Арызоны, якога спасціг такі-ж лёс, падняўся на ногі і з хрустам ударыў крыўдзіцеля прама ў твар кулаком. Смок бачыў і чуў гэта, падымаючыся на ногі. Аднак, перш чым ён паспеў рушыць да