Старонка:Смок Белью.pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Хе! — сказаў Шорці. — Тут заварыцца такая чортава каша, якой свет яшчэ не бачыў. Па-мойму, Смок, застаецца толькі адно: пусціць у ход сілу і кулакі і прабівацца наперад. Калі-б уся рэчка была пакрыта чыстым ільдом, і то на ёй нехапіла-б месца і дзюжыне запрэжак ў рад. Думаецца мне, што тут завяжацца здаровая бойка. Калі ў нас на дарозе акажацца хто-небудзь, дык дазволь ужо мне пусціць у ход кулакі.

Смок паціснуў плячыма і непахвальна засмяяўся.

— Не, не! — крыкнуў Шорці ў моцным хваляванні. — Што-б ні здарылася, ты не павінен умешвацца. Ты не зможаш цэлых сто міль кіраваць сабакамі зламанай рукой, а гэта так і будзе, калі ты заедзеш каму-небудзь у сківіцу.

Смок кіўнуў.

— Ты правы, Шорці. Я не магу рызыкаваць.

— І яшчэ запамятай, — казаў далей Шорці, — што я буду прабіваць дарогу першыя дзесяць міль, а ты сядзі спакойна і не хвалюйся. Я дастаўлю цябе на Юкон, будзь спакойны. А там ужо справа за табой і за сабакамі. Ведаеш, што, па-мойму, задумаў Шрэдэр? Першая запрэжка будзе стаяць у яго за чвэртку мілі ўніз па рэчцы, і ён пазнае яе па зялёнаму ліхтару. Але мы яго перахітрым. Я заўсёды больш любіў чырвоны агонь.


ІV

Удзень было ясна і холадна, але воблачная заслона закрыла неба, і ноч спусцілася цёплая і цёмная, абяцаючы снег. Тэрмометр паказваў пятнаццаць градусаў ніжэй нуля, а для зімы ў Кландайку мінус пятнаццаць — гэта вельмі цёпла.

За некалькі хвілін да наступлення поўночы Смок пакінуў Шорці з сабакамі за пяцьсот ярдаў уніз па рэчцы і далучыўся да астатніх удзельнікаў спаборніцтва на Трэцім нумары. Сорак пяць чалавек чакалі пачатку спаборніцтва на прыз у мільён далараў, якія Сайрэс Джансон пакінуў некранутымі ў мерэлай зямлі. У кожнага з удзельнікаў было па шэсць калоў і па цяжкаму драўлянаму малатку. Апрануты яны былі ў паркі, накшталт кашуль з тоўстай даматканай матэрыі.

Лейтэнант Палок, у цяжкай мядзведжай футры, пазіраў на гадзіннік пры святле кастра. Да поўночы заставалася адна хвіліна.

— Рыхтуйся! — скамандаваў ён, падымаючы ў правай руцэ рэвальвер і сочачы за секунднай стрэлкай.