Старонка:Смок Белью.pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

многа жадаючых прыняць удзел у спаборніцтве, што сто дзесяць міль уяўлялі сабой нейкае расцягнутае паселішча. Усюды ўздоўж дарогі былі расстаўлены подставы. У фон-Шрэдэра, які ўдзельнічаў у спаборніцтве выключна дзеля спорта, было не менш адзінаццаці запрэжак — свежая змена на кожныя дзесяць міль. Біль з Арызоны вымушан быў задаволіцца васьмю. У Вялікага Олафа было сем — столькі-ж, колькі ў Смока. Увогуле, удзельнікаў спаборніцтва было звыш сарака чалавек. Не кожны дзень нават на Залатой Поўначы мільён далараў выстаўляўся прызам на сабачых гонках. Краіна пазбавілася ўсіх сваіх сабак. Ні адна жывёла, якая вызначалася хуткасцю бегу і вынослівасцю, не мінула густога грэбня, які прачасаў усе цясніны і раўніны, вышукваючы сабак, і цэны на іх выраслі ўдвая, нават учэцвера ў час гэтай страшэннай спекуляцыі.

Трэці нумар ніжэй Пробнага ўчастка знаходзіўся на адлегласці дзесяці міль ўгару па Мано ад вусця. Астатнія сто міль трэба было прарабіць па замерзламу руслу Юкона. На трэцім нумары было раскінута пяцьдзесят палатак і стаяла звыш трохсот сабак. Старыя калкі, убітыя шэсцьдзесят дзён назад Сайрэсам Джансонам, усё яшчэ былі на сваіх месцах, і кожны з удзельнікаў часта пераходзіў на тэрыторыю заяўкі, таму што спаборніцтва на сабаках павінна было пачацца пасля спаборніцтва ў бегу з перашкодамі. Кожны павінен быў асабіста заняць заяўку, а гэта значыла, што ён павінен быў убіць два цэнтральныя калы, чатыры вуглавыя і двойчы перабегчы праз рэчку, перш чым накіравацца ў Даусон на сабаках.

Апрача таго, не павінна было быць «выскачак». К заняццю ўчастка належала прыступіць не раней поўночы на пятніцу. Не раней поўночы можна было ўбіць першы кол. Такое было распараджэнне ўпаўнаважанага па залатых справах у Даусоне, і капітан Канседайн выслаў атрад коннай паліцыі для падтрымання парадку. Узнікла спрэчка па пытанню аб розніцы паміж часам па сонцу і паліцэйскім часам, але капітан Канседайн загадаў, каб у разлік быў прыняты паліцэйскі час, і іменна па гадзінніку лейтэнанта Палока.

Дарога ішла ўздоўж роўнага русла рэчкі Мано; яна была менш двух футаў шырыні і цягнулася жалабком між высокімі сумётамі снегу, нанесенага за шмат месяцаў. Пытанне аб тым, якім чынам сорак з лішкам санак і трыста сабак будуць стартаваць на такой вузкай бегавой дарожцы, займала ўсіх увагу.