Старонка:Смок Белью.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яна кіўнула галавой і казала далей сур’ёзна:

— Памятайце, што я не дарую сабе таго, што зрабіла з вамі на Бабіным ручаі, пакуль вы не выйграеце гэтай заяўкі на Мано. І калі наогул хто-небудзь можа перамагчы ў гэтым спаборніцтве з старажыламі, дык гэта толькі вы!

Уся справа была ў тоне, якім яна гэта сказала. Смок адчуў, як гарачая хваля прыліла да яго сэрца і да галавы. Ён кінуў на яе шпаркі дапытлівы позірк, і, калі позіркі іх сустрэліся, яму здалося, што ён прачытаў у яе вачах нешта значна больш важнае, чым паведамленне аб тым, што Сайрэс Джансон не зрабіў заяўкі на свой участак.

— Я зраблю гэта, — сказаў ён, — я прыду першым!

Радасны блеск у яе вачах, здавалася, абяцаў яму большыя багацці, чым усё золата на Мано. Ён улавіў рух яе рукі, якая ляжала на каленях побач з ім, і пад прыкрыццём абруса, працягнуўшы сваю руку, напаткаў моцны поціск жаночых пальцаў. Па яго целу прабегла новая гарачая хваля.

«Што скажа на гэта Шорці?» нечакана мільганула ў яго галаве, калі ён прыняў сваю руку. Ён рэўнівым позіркам каўзануў па тварах фон-Шрэдэра і Джонса і ўпотай задаў сабе пытанне, ці разгадалі яны, якая выдатная і чароўная жанчына сядзіць ля яго.

Ён апрытомнеў пры гуках яе голасу і зразумеў, што яна яму нешта кажа.

— Справа ў тым, што Біль з Арызоны — белы індзеец, — казала яна. — А Вялікі Олаф, гэты паляўнічы на мядзведзяў і кароль снягоў, — сапраўдны дзікун. Ён можа перамагчы любога індзейца сваёй вытрымкай і вынослівасцю, ён не ведае нічога, апрача гэтага жыцця сярод пустыні і холаду.

— Пра каго гэта вы кажаце? — умяшаўся ў размову капітан Канседайн з другога канца стала.

— Пра Вялікага Олафа, — адказвала Джой: — я расказвала містэру Белью пра яго выключную вынослівасць у дарозе.

— Так, вы правы, — загуў голас капітана. — Вялікі Олаф — гэта самы выдатны хадок на Юконе. У бегу па снягу і ільду я гатовы ставіць за яго супроць самога нячысціка. У 1895 г. ён даставіў казённую пошту пасля таго, як два кур’еры замерзлі на Чылькуце, а трэці ўтапіўся ля Трыццатай мілі.


ІІІ

Смок ехаў на ручай Мано паціху, баючыся замарыць сабак перад спаборніцтвам. Апрача таго, ён знаёміўся з кожнай міляй шляху і з размяшчэннем подстаў. Набралася так