Старонка:Смок Белью.pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

камі. Я ведаю дзве запрэжкі. Запрэжка Хансона — сем вялікіх гудсонаўскіх сабак; ён хоча па чатырыста за кожную. Высокая цана для сённешняга дня, але не для заўтрашняга. І ў Сіткі Чарлея ёсць восем малемутаў, за якіх ён просіць тры тысячы пяцьсот. Заўтра ён засмяецца, калі яму запрапануюць пяць тысяч. Ну, і ў вас ёсць свае сабакі. І яшчэ вам прыдзецца купіць некалькі запрэжак. Усё гэта трэба зрабіць сёння-ж ноччу. Дабудзьце самых лепшых. Спаборніцтва будзе выйграна не толькі людзьмі, але і сабакамі. Усяго сто дзесяць міль, і подставы трэба размясціць як можна часцей.

— О, я бачу, вы хочаце заблытаць мяне ў гэтую гісторыю, — прамовіў Смок.

— Калі ў вас няма грошай на сабак, дык я…

Яна запнулася, але, перш чым паспела дагаварыць, Смок сказаў:

— Не, я магу купіць сабак. Але… гм… вы не баіцёся, што гэта надзвычай рызыкоўная гульня?

— Пасля вашых подзвігаў за рулеткай[1] у «Элькгорне», — запярэчыла яна, — я не баюся, што вы спалохаецеся. Гэта свайго роду спорт, вы правы, — спаборніцтва на мільён і прытым з лепшымі бегунамі і пагоншчыкамі сабак ва ўсёй краіне. Зараз яны яшчэ не з’яўляюцца вашымі сапернікамі, але заўтра ў гэты час яны ўжо будуць імі, і сабакі будуць каштаваць даражэй, чым можа заплаціць за іх самы багаты чалавек. Вялікі Олаф ужо ў горадзе. Ён прыехаў сюды з Серкл-Сіці месяц назад. Ён адзін з самых выдатных пагоншчыкаў сабак ва ўсёй краіне, і калі ён прыме ўдзел у спаборніцтве, дык будзе вашым самым небяспечным сапернікам. Потым яшчэ Біль з Арызоны. Ён доўгія гады быў прафесіяналам-перавозчыкам і паштовым кур’ерам. Калі ён будзе спаборнічаць, дык увесь інтарэс будзе згрупаваны на ім і Вялікім Олафе.

— І вы хочаце выпусціць мяне ў якасці нікому невядомага коніка?

— Вось іменна. У гэтым ёсць свае добрыя якасці. Нікому ў галаву не прыдзе западозрыць у вас сур’ёзнага саперніка. Нарэшце, вы, ці ведаеце, да гэтага часу лічыцеся чэчака. Вы не пражылі тут яшчэ і года. Ніхто не зверне на вас ніякай увагі да той хвіліны, пакуль вы не пачнеце абганяць сапернікаў на зваротным шляху.

— І вось тут якраз коніку давядзецца паказаць клас, ці не гэтак?

  1. Рулетка — азартная гульня.