Старонка:Смок Белью.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— І я ніколі не забуду, што вы выратавалі мне іх, — вымавіла яна. — З таго часу я жадала ўбачыцца з вамі, каб падзякаваць вас… — Ён з упрашальным выглядам паціснуў плячыма. — І вось чаму вы сёння тут.

— Вы папрасілі палкоўніка запрасіць мяне?

— Не, не палкоўніка, а місіс Боуі. І я папрасіла яе пасадзіць вас побач са мной. І гэта вышла вельмі ўдала. Усе заняты размовамі. Слухайце мяне і не перабівайце. Вы ведаеце ручай Мано?

— Так.

— Аказваецца, там шмат золата, вельмі шмат. Кожная заяўка цэніцца ў мільён далараў і больш. Участкі былі заняты толькі на-днях.

— Як-жа, памятаю — усе кінуліся туды.

— Так, ручай быў абтыканы слупамі да самага небасхілу і прытокі таксама. І аказваецца, што на галоўным русле, на ўчастак нумар тры, ніжэй Пробнага, заяўкі яшчэ не зроблена. Ручай знаходзіцца так далёка ад Даусона, што ўпаўнаважаны ўстанавіў шасцідзесяцідзённы тэрмін для падачы заяўкі. На ўсе ўчасткі заяўкі зроблены, апрача нумара тры. Ён быў заняты нейкім Сайрэсам Джансонам. Потым гэты Сайрэс Джансон знік. Памёр ён ці накіраваўся ўверх або ўніз па рацэ, гэтага ніхто не ведае. Як-бы там ні было, праз шэсць дзён наступае тэрмін падачы заяўкі, і той, хто зойме гэты ўчастак і першым прыдзе ў Даусон і зробіць заяўку, атрымае яго ва ўласнасць.

— Мільён далараў! — прамармытаў Смок.

— Гілкрыст, якому належыць суседні ўчастак, ніжэй, прамыў на шэсцьсот далараў у адным тазе, узятым з русла. А ўчастак з другога боку яшчэ багацейшы. Я ведаю.

— Але-ж чаму не ўсе ведаюць пра гэта? — недаверліва запытаўся Смок.

— Пакрыху ўсе даведаюцца. Тайна гэтага ўчастка доўга захоўвалася і толькі цяпер выходзіць на паверхню. За добрую запрэжку праз якія-небудзь дваццаць чатыры гадзіны будуць плаціць страшэнныя грошы. Вось што я вам скажу: вы павінны пайсці пад прыстойнай прычынай, ледзь толькі скончыцца абед. Я гэта зрабіла. За вамі прыдзе індзеец з пісьмом. Вы прачытаеце яго, зробіце выгляд, быццам у вас ёсць спешная справа, папросіце прабачэння і пойдзеце.

— Я… гм… я… не магу гэтага зрабіць.

— Глупства! — усклікнула Джой, паніжаючы голас. — Вы сёння-ж ноччу павінны спешна наладзіць справу з саба-