Старонка:Смок Белью.pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з груба абчасаных бярвенняў, у два паверхі, ён адрозніваўся такімі незвычайнымі памерамі, што мог пахваліцца прасторным парадным пакоем, які служыў гасцінай і нічым больш.

На грубай драўлянай падлозе былі раскладзены мядзведжыя скуры, на сценах віселі рагі ласёў і аленяў. Тут гудзеў адкрыты камін і красавалася печ, якая апальвалася дрывамі. І тут вось Смок спаткаўся з паважанымі людзьмі Даусона — не з якімі-небудзь міліянерамі ад рыдлёўкі, але са сліўкамі горада золаташукальнікаў, насельніцтва якога было сабрана з усяго свету: тут былі мужчыны накшталт Уорбертона Джонса, даследвальніка і пісьменніка; капітан Канседайн з коннай паліцыі; Хаскел, упаўнаважаны па золату Поўночна-Заходняй тэрыторыі, і, нарэшце, барон фон-Шрэдэр, любімец імператара, з міжнароднай рэпутацыяй дуэліста.

І тут-жа ён убачыў асляпляльную ў вячэрнім туалеце Джой Гастэл, якую да гэтага часу сустракаў толькі ў дарозе — у футры і макасінах. За абедам ён апыяуўся ля яе.

— Я адчуваю сябе, нібы рыба, выцягнутая з вады, — прызнаўся Смок. — Вы ўсе такія цудоўныя! Мне і ў сне не снілася, што ў Кландайку можа існаваць такое ўсходняе багацце. Зірніце, напрыклад, на фон-Шрэдэра — ён у жакеце, а ў Канседайна крухмальная кашуля. Я заўважыў, што ў яго разам з тым макасіны. А як вам падабаецца мая экіпіроўка?

І Смок павёў плячыма, нібы любуючыся сабою перад Джой.

— Вы як быццам папаўнелі з таго часу, як перабраліся праз Чылькут, — прагаварыла яна са смехам.

— Не ўгадалі, угадвайце далей.

— Касцюм з чужога пляча?

— Адгадалі. Я купіў яго ў аднаго з клеркаў акцыянернай кампаніі.

— Проста сорам, якія ў клерка вузкія плечы, — прагаварыла Джой. — Але вы нічога не сказалі яшчэ, як вам падабаецца мая экіпіроўка.

— Не магу! — сказаў ён. — Я ўражаны. Я залішне доўга пражыў тут, у снягах! Такога роду рэчы дзейнічаюць на мяне, як удар. Я амаль забыўся, што ў жанчын ёсць рукі і плечы. Заўтра раніцою, падобна майму сябру Шорці, я прачнуся ў поўным перакананні, што гэта быў сон. У апошні раз, калі я сустрэўся з вамі на Бабіным ручаі…

— Я была сапраўднай бабай? — закончыла яна.

— Не, я не тое хацеў сказаць. Я ўспомніў, што на Бабіным ручаі я зрабіў адкрыццё, што ў вас ёсць ногі.