Старонка:Смок Белью.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

СПАБОРНІЦТВА НА ПЯРШЫНСТВА

І

— Хе! Апранаешся ў святочнае адзенне?

Шорці сачыў за сваім сябрам з напускным нездавальненнем, і Смок, які рабіў дарэмныя намаганні расправіць складкі на штанах, якія толькі што надзеў, быў моцна ўзбуджаны.

— Для паношаных штаноў гэта яшчэ нішто сабе, — казаў далей Шорці. — Колькі даў за іх?

— Сто пяцьдзесят за ўвесь касцюм, — адказаў Смок. — Той чалавек быў амаль майго росту. Мне здалося, што цана падыходзячая. Чаго ты бурчыш?

— Хто? Я? І не думаю! Я якраз думаў аб тым, як здорава пашанцавала нейкаму «медзвяжатніку», які з’явіўся ў Даусон у час лёдалому, без прыпасаў, з адной толькі зменай бялізны, з адной парай зношаных макасінаў, у касцюме, які меў такі выгляд, быццам перанёс караблекрушэнне. А цяпер! Здзіўляючы фасад, прыяцель, здзіўляючы фасад. Скажы ты мне…

— Чаго табе яшчэ трэба? — запытаў Смок паныла.

— Як яе завуць?

— Ды тут зусім і няма ніякай «яе», мой сябра. Я запрошаны на абед да палкоўніка Боуі, калі табе абавязкова трэба ведаць. Я разумею, у чым справа, Шорці! Ты зайздросціш, што я запрошаны, а ты не.

— Ты не спазніўся? — турботліва запытаўся Шорці.