Старонка:Смок Белью.pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Але гэта мая віна, толькі мая, — настойвала яна. — Бацька зробіць для мяне заяўку там, каля Пробнага ўчастка. Я аддам яе вам.

Смок паківаў галавой.

— Шорці! — прамовіла дзяўчына.

Шорці таксама паківаў галавой і раптам пачаў рагатаць. Гэта быў нястрымны, гамерычны рогат. Ён то задыхаўся, то грымеў.

— Гэта не істэрыка, — растлумачыў ён. — У мяне бываюць іншы раз такія прыпадкі весялосці, і гэта адзін з іх.

Позірк яго выпадкова ўпаў на таз з золатам. Ён падышоў і ўрачыста піхнуў таз нагой, рассыпаўшы вакол намытае золата.

— Яно не наша, — сказаў ён. — Яно належыць таму старому, якога я адагнаў тады на пяцьсот футаў. І мяне больш за ўсё злуе, што чатырыста дзевяноста з іх — сапраўднае багацце… яго багацце. Ну, ідзем, Смок, вернемся ў Даусон. Між іншым, калі ў цябе ёсць жаданне забіць мяне, я пальцам не крану, каб абараняцца.