Старонка:Смок Белью.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Луі Гастэл, які ішоў уперадзе, спатыкнуўся ў цемры аб ільдзіну і апусціўся на снег, ухапіўшыся абодвума рукамі за ладыжку. Ён з цяжкасцю падняўся на ногі і паспрабаваў пайсці далей, але крок яго моцна запаволіўся, і ён пачаў прыкметна накульгваць. Праз некалькі хвілін ён спыніўся.

— Нічога не выйдзе, — сказаў ён дачцы. — Я расцягнуў сабе сухажылле. Ідзі ўперад і займі ўчасткі для сябе і для мяне.

— Ці не можам мы чым-небудзь дапамагчы вам? — запытаўся Смок.

Луі Гастэл паківаў галавой:

— Яна можа зрабіць дзве заяўкі. А я дапаўзу да берага, раскладу агонь і перавяжу ладыжку. Не турбуйцеся аба мне. Ідзі, Джой. Займі для нас участкі вышэй Пробнага. Чым вышэй па рацэ, тым багацей россыпі.

— Вось вам крыху бярозавай кары, — сказаў Смок, падзяліўшы свой запас пароўну. — Мы паклапоцімся аб вашай дачцы.

Луі Гастэл хрыпла засмяяўся.

— Дзякую вам, — сказаў ён. — Але яна і сама можа паклапаціцца аб сабе. Ідзіце ўслед за ёй і не выпускайце яе з віду.

— Вы не пярэчыце, каб я ішла ўперадзе? — запытала Джой Смока. — Я ведаю гэтую мясцовасць лепш за вас.

— Вядзіце, — галантна адказаў Смок. — Хоць я зусім згодзен з вамі, што нам, чэчака, не след-бы абганяць кампанію з Львінага возера. Гэта проста абуральна. Ці нельга нам як- небудзь пазбавіцца гэтых даусонаўскіх малайцоў?

Яна паківала галавой.

— Мы не можам скрыць свае сляды, — сказала дзяўчына, — а яны пойдуць за намі, як авечкі.

Прайшоўшы з чвэртку мілі, Джой раптам крута павярнула на захад, і Смок заўважыў, што яны ідуць па нятоптанаму снегу. Аднак ні ён, ні Шорці не звярнулі ўвагі на тое, што ледзь прыкметная сцяжынка, па якой яны ішлі да гэтага часу, вяла далей на поўдзень. Калі-б яны маглі быць сведкамі наступных паводзін Луі Гастэла, гісторыя Кландайка, напэўна, была-б напісана інакш: яны ўбачылі-б, як гэты старажыл, адразу пакінуўшы кульгаць, пабег услед за імі, быццам гончы сабака; убачылі-б, як ён узяўся расшыраць і ўтаптваць сцяжынку, якую яны праклалі, звярнуўшы на захад, і нарэшце паімчаўся далей па ранейшай, ледзь прыкметнай сцяжынцы, якая ішла на поўдзень.