Старонка:Смок Белью.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

каб яны ўсе замерзлі ў дарозе, каб затрымала іх што-небудзь страшэннае, пакуль старажылы з Львінага возера не дабяруцца да ручая!

— Вы, як відаць, здорава супроць нас настроены, — рассмяяўся Смок.

— Не ў гэтым справа, — шпарка адказала яна. — Я ведаю кожнага з жыхароў Львінага возера і магу сказаць, што гэта людзі. Яны галадалі ў гэтай краіне і прыклалі тытанічныя намаганні, каб зрабіць жыццё лепшым. Я перажыла разам з імі цяжкія дні на Койакуку, калі была яшчэ дзяўчынкай; перажыла галадоўку на Бярозавым ручаі і на Саракавой мілі. Гэта сапраўдныя героі, і яны маюць права на ўзнагароду, а між тым тысячы зялёных малакасосаў аказваюцца цяпер на шмат міль наперадзе іх. Ну, я змаўкаю і прашу дараваць мне гэтую тыраду. Трэба берагчы дыханне, таму што вы і ваша кампанія чаго добрага перагоніце бацьку і мяне.

На працягу гадзіны Джой і Смок не абмяняліся ні адным словам. Дзяўчына аб чымсьці перагаварвалася з бацькам упоўголаса.

— Цяпер я пазнаў іх, — сказаў Шорці Смоку. — Гэта стары Луі Гастэл, ён малайчына. А дзяўчына, як відаць, яго дачка. Ён прышоў у гэтую краіну так даўно, што ніхто не памятае дакладна, калі гэта было, і прывёз з сабою дзяўчынку. Яна была маленькая. Яны з Бетлсам працавалі разам і пусцілі першы маленькі параходзік па Койакуку.

— Па-мойму, не варта абганяць іх, — сказаў Смок: — мы і так уперадзе ўсіх, а нас усяго чацвёра.

Шорці згадзіўся, і на працягу гадзіны яны шпарка рухаліся ўперад у поўным маўчанні. У сем гадзін поўночнае ззянне ў апошні раз прарэзала цемру, і яны ўбачылі на захадзе шырокі праход між прыкрытымі снегам горамі.

— Бабін ручай! — усклікнула Джой.

— Вось дык штука! — лікаваў Шорці. — Па майму разліку, нам заставалася ісці самае меншае яшчэ поўгадзіны. Здорава, як відаць, я расцягнуў сабе ногі.

Якраз у гэтым месцы дарога з Дайе, заваленая награмаджанымі адна на другую ільдзінамі, крута зварочвала праз Юкон да ўсходняга берага, і з добра вытаптанай галоўнай сцежкі яны перабраліся цераз затор ільдзін на вузкую, толькі злёгку намечаную сцяжынку ўздоўж заходняга берага.