Старонка:Смок Белью.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

патрэбы пісаць. Я калючы, цераз усё прайшоў, і ні адзін з гэтых нікчэмных горцаў не закране мяне, без таго каб я яму не даў здачы. Ну а цяпер ідзі наперад на поўгадзіны і пакажы свае здольнасці, а калі надыйдзе мая чарга — сцеражыся!

— Хе! — весела ўсміхнуўся Шорці. — Зірніце на гэтага малакасоса! А ну, з дарогі і павучыся ў старэйшых!

Кожныя поўгадзіны яны змянялі адзін другога, па-чарзе ўстанаўляючы рэкорд хуткасці. Размаўлялі яны мала. Хуткасць руху сагравала іх, хоць дыханне замярзала ў іх на тварах, пакрываючы інеем губы і падбародак. Мароз быў настолькі моцны, што ім амаль няспынна прыходзілася расціраць рукавіцамі нос і шчокі. Як толькі яны апускалі рукі, адкрытыя часткі твара адразу нямелі, і патрабавалася падвоеная энергія, каб выклікаць вострае пакалванне — прызнак аднаўлення крывезвароту.

Часта сябрам здавалася, што наперадзе ўжо нікога няма, але ўсякі раз яны натыкаліся на новыя партыі золаташукальнікаў, якія вышлі з Даусона раней іх. Здаралася, што некаторыя з іх спрабавалі раўняцца са Смокам і яго таварышам, але, прайшоўшы адну-дзве мілі, нязменна адставалі і знікалі ў цемры.

— Мы з табой былі на нагах усю зіму, — растлумачыў Шорці, — а гэтыя старыкашкі адлежалі сабе бакі ў цёплых хацінах ды туды-ж — думаюць паспець за намі! Калі-б яшчэ гэта былі разведчыкі! Калі разведчык і ўмее што-небудзь рабіць, дык гэта хадзіць.

Смок запаліў сярнічку і зірнуў на гадзіннік. Больш ён не рабіў гэтага; хоць і хуткі быў рух яго аголеных рук, прайшло поўгадзіны, перш чым яны зноў адагрэліся.

— Чатыры гадзіны, — сказаў ён, нацягваючы рукавіцу, — а мы перагналі ўжо чалавек трыста.

— Трыста трыццаць восем, — паправіў Шорці. — Я лічу ўвесь час. Эй, прыяцель, прапусці! Дай прайсці таму, хто разумее ў гэтай справе крыху больш твайго.

Гэтыя словы адносіліся да чалавека, відавочна зморанага надзвычайна, які, спатыкаючыся, цягнуўся па дарозе, загараджваючы ім дарогу. Гэты ды яшчэ адзін такі-ж спадарожнік былі адзінымі выбітымі са строю, якія трапіліся ім па дарозе; цяпер яны былі вельмі блізка да галаўной часткі патоку золаташукальнікаў.

Пасля яны даведаліся аб усіх жудасцях гэтай ночы. Выбіўшыся з сіл людзі садзіліся адпачыць на ўскраю дарогі