Старонка:Смок Белью.pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і ўжо больш не падымаліся. Сямёра замерзлі канчаткова, а выжыўшым ампутыравалі ў даусонаўскіх больніцах пальцы, ступні і рукі. Ноч вялікага паходу на Бабін ручай была самай халоднай за ўвесь год. Перад світаннем спіртовыя тэрмометры ў Даусоне паказвалі семдзесят ніжэй нуля, а людзі, якія ўдзельнічалі ў «паходзе», былі, за невялікім выключэннем, навічкі, якія не прывыклі да такіх халадоў.

Другога выбіага са строю чалавека яны заўважылі некалькі хвілін пазней, пры ўспышцы поўночнага ззяная, якое, нібы пражэктар, прарэзвала часам неба ад небасхіла да зеніта. Чалавек гэты сядзеў ля сцежкі на ільдзіне.

— Эй, цётка, падымайся! — весела аклікнуў яго Шорці.

— Ну, хутчэй! Калі будзеш гэтак сядзець, замерзнеш, як калода.

Чалавек нічога не адказаў, і яны спыніліся зірнуць, што з ім.

— Цвёрды, як качарга, — заявіў Шорці. — Калі кінуць яго, разаб’ецца ўшчэнт.

— Зірні, ці дыхае ён? — сказаў Смок, імкнучыся ў той-жа час прамацаць праз футра і шарсцяныя фуфайкі сэрца чалавека.

Шорці падняў адзін з навушнікаў і прыклаў вуха да заледзянелых губ.

— Не дыхае, — далажыў ён.

— І сэрца не б’ецца, — сказаў Смок.

Ён надзеў рукавіцы і цэлую хвіліну моцна біў рукою аб руку, перш чым зноў зняць рукавіцу і запаліць сярнічку. Перад імі быў стары, без усякага сумнення мёртвы. У той момант, калі сярнічка загарэлася, яны ўбачылі даўгую сівую бараду, пакрытую да самага носа ледзянымі сасулькамі, пабялеўшыя шчокі і замерзлыя павекі з бахрамой інею на месцы расніц. Сярнічка патухла.

— Ну, ідзем, — сказаў Смок, расціраючы вуха. — Мы нічога не можам зрабіць для старога. А я, здаецца, адмарозіў сабе вуха. Цяпер уся скура, каб ёй праваліцца, пачне злазіць, і цэлы тыдзень будзе чартоўскі боль.

Праз некалькі хвілін, калі палаючая істужка поўночнага ззяння заліла агнём усё неба, яны ўбачылі ўперадзе сябе на адлегласці чвэрткі мілі дзве чалавечыя фігуры. Далей на цэлую мілю не было відаць ніякага руху.

— Яны ідуць ўперадзе ўсіх, — сказаў Смок, калі зноў запанавала цемра. — А ну, давай дагонім іх.

Але прайшло поўгадзіны, а фігуры ўсё яшчэ былі ўперадзе. Шорці пусціўся бягом.