Старонка:Смок Белью.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Хто? Я? Я зусім не золаташукальнік. Я па казённай справе. Урад паслаў. Цягнуся на Бабін ручай, каб зрабіць перапіс.

Другі весела вітаў Шорці:

— Гэй, куды выбраўся, малы? Няўжо ты і сапраўды спадзяешся заняць участак?

— Я? — адказаў Шорці. — Я вось і адкрыў Бабін ручай. Цяпер я зрабіў заяўку і вяртаюся назад, каб які-небудзь пракляты чэчака не зажыліў мой участак.

У сярэднім, ідучы па роўнаму месцу, золаташукальнікі праходзілі ў гадзіну па тры з паловай мілі. Але Смок і Шорці рабілі па чатыры з паловай, а часамі пускаліся бегам і рухаліся яшчэ шпарчэй.

— Я вырашыў зусім загнаць цябе, Шорці, — дражніў таварыша Смок.

— Хе! Я ўмею працаваць нагамі і мог-бы цябе прымусіць працерці пяткі макасінаў. Але спяшацца няма чаго. Я так разважаю: кожная заяўка на ручаі павінна мець пяцьсот футаў; скажам, па дзесяць на мілю. Наперадзе нас тысяча золаташукальнікаў, а рэчачка даўжынёю менш сотні міль. Каму-небудзь прыдзецца атрымаць кукіш, і здаецца, што гэта будзем мы з табой.

Перш чым адказаць, Смок раптам паскорыў крок і перагнаў Шорці на дзесятак футаў.

— Калі-б ты пабярог дыханне і не адставаў, мы, напэўна, перагналі-б некаторых з гэтай тысячы, — заявіў ён.

— Хто? Я? Ды калі-б ты сышоў з дарогі, я паказаў-бы табе, што такое хуткасць.

Смок рассмяяўся і зноў абагнаў яго. Уся гэтая прыгода ўяўлялася яму цяпер у зусім іншым святле. Яму цяпер не так жадалася захапіць участак, як пабіць у бегу Шорці. «Нарэшце, — вырашыў ён, — справа не ў выйгрышу, а ў самой гульні». Яго мозг, мускулы, вытрымка, яго душа прымалі ўдзел у гэтым спаборніцтве з Шорці — чалавекам, які ніколі не заглядаў у кнігу, не мог адрозніць оперы ад салоннай песенькі або паэмы ад пратакола.

— Сцеражыся, Шорці, не здабраваць табе! З таго часу, як я высадзіўся на бераг Дайе, усе клетачкі майго арганізма перарадзіліся. Мае мускулы моцныя, як рамяні, ядавітыя і бязлітасныя, як джала грымучай змяі. Усяго некалькі месяцаў назад я быў-бы ў захапленні, калі-б напісаў гэтыя словы, але тады я не мог так напісаць. Трэба было спачатку перажыць усё гэта, а цяпер, калі я ў гэтым жыву, няма