Старонка:Смок Белью.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

спіць. Агні? Проста людзі хаваюць сваіх нябожчыкаў. Яны і не думаюць бегчы за золатам, б’юся аб заклад.

Калі яны спусціліся да падножжа ўзгорка і зайшлі ў самы горад, ва ўсіх дамах ужо мільгацелі агні, усюды стукалі дзверы, а ззаду чулася рыпенне мноства макасінаў па добра ўтаптанаму снегу. Шорці зноў пусціўся ў разважанні:

— Відаць, да чорта плакальшчыкаў у гэтым горадзе.

Яны прайшлі паўз чалавека, які стаяў на абочыне дарогі. Ён трывожна клікаў кагосьці ўпоўголаса:

— Эй, Чарлі! Ды варушыся-ж!

— Заўважыў ты мех у яго на спіне, Смок? Могільнік, напэўна, досыць далёка, калі праводзячым даводзіцца браць з сабою коўдры.

Калі яны вышлі на галоўную вуліцу, за імі цягнуўся ўжо хвост у некалькі сот чалавек, і, прабіраючыся пры абманлівым святле зорак да берага, яны чулі з усіх бакоў тупат чалавечых ног. Шорці пакаўзнуўся і ўпаў з вышыні трыццаці футаў у рыхлы снег. Смок упаў услед за ім, збіўшы яго зноў у той момант, калі ён падымаўся на ногі.

— Я знайшоў першы, — буркнуў ён, здымаючы рукавіцы, каб абтрэсці з іх снег.

Праз хвіліну яны рабілі страшэнныя намаганні, каб выкарабкацца з-пад груды цел, якія пасыпаліся на іх зверху. У часе ледастава ў гэтым месцы ўтварыўся затор, і награмаджаныя адна на другую ільдзіны былі цяпер здрадліва прыкрыты пластам снегу. Упаўшы некалькі разоў, Смок выцягнуў свечку і запаліў яе. Людзі, якія ішлі ззаду, радасна віталі святло. Свечка ярка гарэла ў нерухомым паветры, і спадарожнікі пайшлі хутчэй.

— Гэта бясспрэчна паход за золатам, — вырашыў Шорці, — калі толькі ўсе яны не лунацікі.

— Ва ўсякім выпадку, мы ідзем першымі, — адказаў Смок.

— Ну, гэтага я не ведаю — можа быць, там, наперадзе, светлячок. А можа, гэта ўсе светлячкі — вунь там, і там, і там. Зірні! Не, павер ужо мне, наперадзе нас цэлая працэсія.

Каб перабрацца на заходні бераг Юкона, трэба было прайсці цэлую мілю па награмаджаных ільдзінах, і мільгаючы ланцуг свечак цягнуўся ва ўсю даўжыню звілістай сцежкі. А ззаду, да самай вяршыні гары, з якой яны толькі што спусціліся, было яшчэ больш аганькоў.

— Паслухай, Смок, гэта не паход за золатам, гэта адны пакуты. Наперадзе нас, напэўна, добрая тысяча, а ззаду