Старонка:Смок Белью.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Хутчэй нацягвай сваю вопратку, — сказаў Смок, — мы ідзем займаць два ўчасткі.

Шорці сеў і пачаў лаяцца. Смок прыкрыў яму рот рукой.

— Шш… — папярэдзіў ён. — Гэта вельмі добрая справа. Не будзі суседзяў. Увесь Даусон спіць.

— Хе! Ты мяне будзеш вучыць! Хіба я не ведаю, што пра золата не расказваюць? Смешна толькі, як гэта ўсе трапляюць на адну і тую-ж дарожку.

— Бабін ручай! — прашаптаў Смок. — Справа верная. Мне паведаміў аб ім Брэк. Вельмі мелкае русло. Золата адразу пад карэннямі травы. Ну, шавяліся-ж. Мы хутка збярэмся і без грузу кранемся ў дарогу.

Вочы Шорці закрыліся, і ён зноў захроп. У наступны момант коўдры зляцелі з яго.

— Калі ты не жадаеш падтрымаць кампанію, я іду адзін, — заявіў Смок.

Шорці падняўся і пачаў апранацца.

— Сабак возьмем? — запытаў ён.

— Не. Сцежка да ручая не пратоптана, і мы хутчэй справімся без іх.

— У такім выпадку я задам ім корму, каб хапіла да нашага звароту. Не забудзь захапіць з сабой брэзент і свечку.

Шорці адчыніў дзверы і, адчуўшы пякучы мароз, адскочыў назад, таропка апускаючы навушнікі і нацягваючы рукавіцы.

Праз пяць хвілін ён вярнуўся, з усіх сіл расціраючы нос.

— Смок, я рашуча супроць гэтай прагулкі. На вуліцы халадней, чым было ў пекле за тысячу год да таго, як там развялі першы агонь. Апрача таго, сёння пятніца і трынаццатае чысло — усе даныя за тое, што мы застанемся з носам.

Прывязаўшы за спіну лёгкія паходныя мяхі, яны зачынілі за сабою дзверы і пачалі спускацца з гары. Поўночнае ззянне ўжо не пералівалася на пацямнеўшым небе, і толькі зоркі мігцелі ў застыўшым паветры, сваім няверным святлом збіваючы спадарожнікаў з дарогі. Шорці звярнуў са сцежкі, праваліўся ў глыбокі снег і пачаў голасна лаяцца, праклінаючы дзень, месяц і год, калі ён адважыўся на такое вар’яцтва.

— Ты не можаш памаўчаць? Пакінь календар у спакоі. Увесь Даусон прачнецца і пабяжыць за намі.

— Хе! А бачыш святло вунь у той хаціне, і ў той, і там далей? А чуеш, як стукнулі дзвярыма? О, зразумела, Даусон