Старонка:Смок Белью.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзесяць тысяч. Паслухай мяне разок. Нюх у мяне добры. Ужо калі я пачую нядобрае, так яно і будзе. Мы дарэмна ўблыталіся ў гэтую гісторыю. Павернем лепш дадому і завалімся спаць.

— Ты-б лепш пабярог свае лёгкія, калі не хочаш адстаць, — злосна перапыніў яго Смок.

— Хе! Ногі ў мяне кароткія, але хадок я вядомы і не баюся ніякай зморанасці. Ні адзін з гэтых малайцоў не абгоніць мяне на лёдзе.

І Смок ведаў, што гэта праўда; ён паспеў пераканацца ў фенаменальнай вынослівасці свайго сябра.

— Я наўмысна іду марудней, каб ты не адстаў, — падражніў ён Шорці.

— Вось таму я і наступаю табе на пяткі, — агрызнуўся той.

— Калі ты не можаш ісці хутчэй, дык пусці мяне ўперад паказваць дарогу.

Смок паскорыў крок і неўзабаве параўняўся з невялікай групай золаташукальнікаў.

— А ну, Смок, варушыся, — заахвочваў яго сябра. — Перагані гэтых непахаваных нябожчыкаў. Тут табе, брат, не пахаванне. Хутка! Каб у вушах засвістала!

Смок налічыў у гэтым гурце восем мужчын і двух жанчын; не паспелі сябры перабрацца праз награмаджэнне ільдзін, як перагналі другую партыю, у дваццаць чалавек. На адлегласці некалькіх футаў ад заходняга берага сцежка зварочвала на поўдзень і ішла далей па гладкаму ледзяному полю. Лёд, аднак, быў пакрыты пластам снегу ў некалькі футаў таўшчынёй. Яго пераразала вузкая істужка ўтаптанай падарожнікамі і ўкатанай санкамі сцежкі шырынёю ў два футы. Па абодвух яе баках нага грузла ў снег па калена і глыбей. Пешаходы, якія ішлі наперадзе, неахвотна ўступалі дарогу, і Смоку з таварышам часта даводзілася грузнуць у глыбокім снезе і з вялікай цяжкасцю выбірацца.

Шорці быў пануры і непрымірымы. Калі золаташукальнікі лаяліся, не жадаючы прапускаць іх уперад, ён адказваў ім тым-жа.

— Куды гэта вы спяшаецеся? — запытаўся адзін з іх.

— А вы куды? — адказваў Шорці. — Учора тут прайшла цэлая чарада золаташукальнікаў з Індзейскай ракі. Ужо ніводнага вольнага ўчастка няма.

— Калі так, я вас пытаюся: куды вы спяшаецеся?