Старонка:Смок Белью.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сотні людзей з грашыма, але без харчавання вымушаны былі пакідаць краіну. Многія накіраваліся ўніз па рацэ перад самым ледаставам, а яшчэ больш золаташукальнікаў, валодаючых такімі-сякімі мізэрнымі запасамі, прайшлі шэсцьсот міль па ільду ў Дайе.

У горача напаленым салуне Смок спаткаў лікуючага Шорці.

— Жыццё нічога не варта без віскі і прысмакаў! — такім прывітаннем сустрэў таварыша Шорці, абтрэсваючы з падтаяўшых вусоў ледзяныя сасулькі, якія са звонам падалі на падлогу. — А я якраз дастаў цэлых восемнаццаць фунтаў гэтых самых прысмакаў. Дурань-прадавец запрасіў усяго па тры далары за фунт. А табе як пашанцавала?

— Я таксама не спаў, — адказаў з гонарам Смок. — Мне ўдалося купіць пяцьдзесят фунтаў мукі. А адзін чалавек з Адамавага ручая паабяцаў даставіць мне заўтра яшчэ пяцьдзесят.

— Здорава! Цяпер мы несумненна пратрымаемся да таго часу, пакуль узнімецца рака. Ведаеш, Смок, нашы сабакі, аказваецца, што трэба. Скупшчык сабак прапанаваў мне тысячу далараў за пяць штук, па дзвесце за кожнага. Я сказаў яму, што справа не пойдзе. Сабакі, вядома, будуць першы сорт, калі даваць ім жэрці мяса. Але-ж неразумна аддаваць сабакам харчаванне, якое каштуе па два з паловай далара за фунт. А ну-ж, вып’ем, таварыш. Я хачу замачыць гэтыя восемнаццаць фунтаў прысмакаў.

Некалькі хвілін пазней, калі на вагах адважвалі з меха Шорці залаты пясок за выпітае, Шорці раптам стукнуў сябе па ілбу.

— Зусім з галавы выпала, што ў мяне назначана ў «Ціволі» спатканне з адным чалавекам! У яго ёсць сапсаваны бекон, які ён аддае па паўтара далара за фунт. Мы зможам карміць ім сабак і зэканомім такім чынам па далару ў дзень на кожнай кармёжцы. Ну, да хуткага спаткання.

— Да хуткага, — адказаў Смок. — Я зазірну ў хаціну і вярнуся сюды.

Не паспеў Шорці выйсці, як у падвойныя дзверы салуна ўвайшоў захутаны ў футра чалавек.

Твар яго прасвятлеў бачачы Смока, які пазнаў у ім золаташукальніка Брэка, чыю лодку ён правёў цераз Яшчычную цясніну і цераз парогі Белага Каня.

— Мне сказалі, што вы ў горадзе, — таропка загаварыў Брэк, паціскаючы Смоку руку. — Я ўжо поўгадзіны шукаю вас