Старонка:Смок Белью.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НА БАБІН РУЧАЙ ЗА ЗОЛАТАМ

І

Праз два месяцы Смок Белью і Шорці[1], вярнуўшыся з палявання на аленяў, зноў апынуліся ў салуне[2] «Элькгорн» у Даусоне. Паляванне было закончана, мяса дастаўлена ў Даусон і прададзена па два з паловай далары за фунт; у іх, такім чынам, аказалася тры тысячы далараў у залатым пяску і добрая запрэжка сабак. Ім вельмі пашанцавала. Не гледзячы на тое, што натоўпы золаташукальнікаў загналі дзічыну за сотні міль у горы, ім удалося на палове шляху ад горада падстрэліць у вузкай цясніне чатырох аленяў.

З’яўленне аленяў так блізка ад жылля было гэтак-жа дзіўна, як і шчасце нашых паляўнічых, бо ў гэты самы дзень Смок і Шорці сустрэлі па дарозе чатыры галодныя індзейскія сям’і, якім ужо тры дні не траплялася ніякай дзічыны. Сябры выменялі ў іх за мяса напалову мёртвых ад голаду сабак; на працягу тыдня яны адкармлівалі жывёлін, затым запрэглі іх і павезлі мяса на прагны рынак Даусона.

Цяпер задача заключалася ў тым, каб ператварыць залаты пясок у харчаванне. Фунт мукі ці бабоў каштаваў на рынку паўтара далара, але і за гэтую цэну цяжка было знайсці жадаючага прадаць іх. У Даусоне панаваў сапраўдны голад.

  1. Шорці — па-англійску «карантышка», прозвішча сябра Смока.
  2. Салун — бар, кабачок, гасцініца.