Старонка:Смок Белью.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Праз некалькі хвілін ён вышаў і накіраваўся да палатак золаташукальнікаў, занятых нагрузкай або пабудовай лодак. Ён прападаў некалькі гадзін і калі вярнуўся і лёг пад коўдру, Джон Белью ўжо спаў.

У цемры бурнай раніцы Кіт выпаўз, адагрэў на агні свае замерзлыя боты, зварыў каву і падсмажыў грудзінку. Гэта было беднае, але цёплае снеданне. Пакончыўшы з ядой, дзядзя і пляменнік звязалі свае коўдры, але ў той момант, калі Джон Белью павярнуўся, каб пусціцца ў адваротны шлях па Чылькуцкай дарозе, Кіт працягнуў яму руку.

— Да пабачэння, дзядзечка, — сказаў ён.

Джон Белью зірнуў на яго і вылаяўся ад здзіўлення.

— Не забывайце, што мяне завуць Смок, — сказаў Кіт.

— Ды што ты задумаў?

Кіт зрабіў няпэўны жэст у бок поўначы, туды, дзе над возерам насілася завіруха.

— Які сэнс вяртацца назад, калі я забраўся так далёка? — запытаўся ён. — Дарэчы, я пазнаў смак мяса, і ён спадабаўся мне. Я іду далей.

— Але-ж у цябе няма ні грошай, ні снаражэння, — запярэчыў Джон Белью.

— Я атрымаў работу. Вось: ваш пляменнік Крыстофер Смок Белью атрымаў работу! Цяпер ён будзе служыць джэнтльмену і атрымліваць за гэта сто пяцьдзесят далараў у месяц і харчаванне. Ён накіроўваецца ў Даусон з двума дэндзі і яшчэ адным слугой у якасці паходнага повара, лодачніка і ўсяго такога іншага. А што датычыць О’Гара і «Хвалі», няхай праваляцца к чорту. Да пабачэння!

Але Джон Белью быў так здзіўлены, што мог прамармытаць толькі адно:

— Нічога не разумею.

— Кажуць, што ў басейне Юкона мядзведзі тлустыя, — растлумачыў Кіт. — А ў мяне, як ведаеце, усяго адна змена бялізны, і я іду за мядзведжым мясам. Вось і ўсё.