Старонка:Смок Белью.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вельмі вам удзячны за своечасовую дапамогу і за гэтае імя, — адказаў Кіт. — Я атрымаў другое хрышчэнне. Ад гэтага часу я патрэбую, каб мяне заўсёды называлі Смок Белью. Гэта слаўнае імя, і я бачу ў ім глыбокі сэнс.

Ён спыніўся, затым загаварыў раптам з сілай і ўзнятасцю.

— Ведаеце, што я думаю зрабіць? — запытаўся ён. — Я вярнуся ў штаты. Я ажанюся там. Абзавядуся шматлікай сям’ёй. А затым як-небудзь вечарком я збяру вакол сябе дзяцей і раскажу ім пра тыя пакуты і выпрабаванні, праз якія я прайшоў на гэтым чылькуцкім шляху. І калі яны не заплачуць, — я паўтараю, калі яны не заплачуць, я выб’ю з іх дух.


VIII

Арктычная зіма шпарка набліжалася. Снег выпаў і ляжаў шасцідзюймовым пакровам, і спакойныя горныя азёры паступова зацягваліся ільдом, не гледзячы на моцна дзьмуўшыя вятры. Аднойчы на змярканні пад завыванне мяцеліцы Кіт і Джон Белью дапамагалі кузенам грузіць лодку і доўга сачылі пасля, як яна знікала ў снегавой віхуры.

— А цяпер трэба як след выспацца і заўтра падняцца як мага раней, — сказаў Джон Белью. — Калі завіруха не затрымае нас на вяршыні, мы прыдзем у Дайе заўтра к вечару. А калі да таго-ж нам пашанцуе захапіць які-небудзь параход, дык праз тыдзень мы будзем у Сан-Францыска.

— Вы засталіся здаволенымі вылазкай? — няўважліва запытаўся Кіт.

Іхняя стаянка ў гэтую апошнюю ноч ля возера Ліндэрман мела сумны выгляд. Усе неабходныя рэчы, уключаючы палаткі, былі звезены кузенамі. Дзіравы брэзент, нацягнуты для абароны ад ветру, дрэнна прыкрываў іх ад снегавой завірухі. Вячэру яны зварылі на агні, выкарыстаўшы для гэтай працэдуры некалькі паламаных і раскіданых лагерных інструментаў. У іх заставаліся толькі цёплыя коўдры і запас харчу на некалькі дзён.

Правёўшы лодку, Кіт зрабіўся няўважлівы і задумлівы. Дзядзя заўважыў у ім гэтую змену і прыпісаў яе рэакцыі пасля моцнага напружання. За вячэрай Кіт сказаў толькі адну фразу.

— Дзядзечка, — сказаў ён раптам, ні з таго ні з сяго, — я хачу, каб з гэтага часу вы называлі мяне Смокам[1]. Я, здаецца, напакутваўся за гэтае падарожжа.

  1. Smoke — не толькі дым, дыміць, але і пакутваць, шмат перажыць.