Старонка:Смок Белью.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

праходзілі па іх; прыходзілася няспынна пракладаць усё новыя сцежкі. Іменна пракладваючы такую новую сцяжынку, Кіт вырашыў праблему аб дадатковых пяцідзесяці фунтах.

Мяккая багністая паверхня падалася пад ім; ён пахіснуўся і ўпаў ніцма. Груз у пяцьдзесят фунтаў удавіў яго галаву ў гразь і шлёпнуўся ў балота, не зламаўшы яму шыі. З астатняй стофунтовай паклажай на спіне ён падняўся на чацвярэнькі, але далей гэтага справа не пайшла. Адна рука яго адразу-ж загрузла да пляча ў дрыгву, прымусіўшы Кіта прыкласціся шчакой да гразі. Калі ён выцягнуў гэтую руку, умомант загрузла да пляча другая. У такім становішчы нельга было вызваліцца ад рамянёў, а стофунтовы цяжар не даваў яму падняцца на ногі. Ён паспрабаваў падпаўзці на чацвярэньках да таго месца, куды зваліўся мех з мукой, але рукі яго па чарзе грузлі ў багністай гразі, і хутка ён выбіўся з сіл, не пасунуўшыся ні на крок. Пры гэтым травяністы пакроў прарваўся, і ў небяспечным суседстве з яго носам і ротам пачала ўтварацца невялікая лужынка. Кіт паспрабаваў перавярнуцца на спіну, так каб цюк апынуўся пад ім, але ад гэтага руху абедзве рукі яго ўгрузлі да плеч, і ён адчуў, што тоне. Са здзіўляючым цярпеннем ён павольна выцягнуў спачатку адну, пасля другую руку і паклаў плашмя на паверхню балота, каб стварыць апору для падбародка. Затым ён пачаў клікаць на дапамогу. Праз некаторы час ён пачуў чаўклівы гук крокаў, як быццам хтосьці набліжаўся да яго ззаду.

— Гэй, прыяцель, дапамажыце! — крыкнуў ён. — Кіньце мне вяроўку ці што-небудзь такое.

У адказ ён пачуў жаночы голас і адразу-ж пазнаў яго.

— Калі вы развяжаце мае рамяні, я змагу сам падняцца на ногі.

Стофунтовы груз гучна чаўкнуў, шлёпнуўся ў гразь, і Кіт марудна, з цяжкасцю падняўся на ногі.

— Няма чаго сказаць, становішча! — разрагаталася міс Гастэл, убачыўшы яго пакрыты гразёю твар.

— Становішча цудоўнае, — запярэчыў ён весела. — Гэта маё любімае гімнастычнае практыкаванне. Паспрабуйце як-небудзь — вельмі добра ўмацоўвае грудныя мышцы і хрыбетнік.

Ён выцер твар і бадзёрым рухам страсянуў з рукі гразь.

— О! — усклікнула яна, толькі тут пазнаўшы Кіта. — Гэта містэр… містэр Смок[1] Белью?

  1. Smoke (англ.) — дым.