Старонка:Смок Белью.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Апошні пераход, ад Доўгага возера да возера Ліндэрман, раўняўся тром мілям, і сцежка — калі толькі гэта можна было назваць сцежкай — ішла ўгару, перавальвала цераз тысячафутавы хрыбет і збягала ўніз па коўзкіх скалах, перасякаючы на шляху шырокую паласу балот. Джон Белью запярэчыў, калі Кіт прывязаў за спіну стофунтовы цюк і паклаў на яго дадатковы груз — пяцідзесяціфунтовы мех мукі, які павінен быў упірацца ў яго патыліцу.

— А ну, прыхільнік вынослівасці! — жартаваў Кіт. — Вы, з вашай медзвяжацінай і адзінай зменай бялізны!

Але Джон Белью паківаў галавой.

— Баюся, што я пачынаю старыцца, Крыстоф.

— Вам усяго сорак восем год. Можаце сабе ўявіць, што мой дзед, а ваш бацька, стары Айвек Белью, у шэсцьдзесят дзевяць год забіў кулаком чалавека?

Джон Белью ўсміхнуўся і праглынуў пілюлю.

— Між іншым, дзядзечка, я павінен паведаміць вам надзвычай важную навіну. Выхоўвалі мяне, як лорда Фаунтлероя, але я магу ў любы момант пераўзыйсці вас у вынослівасці і хадзьбе, пакласці вас на абедзве лапаткі або апрацаваць вось гэтымі кулакамі.

Джон Белью працягнуў пляменніку руку і ўрачыста сказаў:

— Крыстоф, мой хлопчык, я веру, што ты гэта можаш зрабіць. Я веру, што ты можаш гэта зрабіць, нават не здымаючы цюка са спіны. Ты так змяніўся к лепшаму, мой хлопчык, што гэта проста незразумела і непраўдападобна.

Кіт штодзённа пакрываў апошні пераход чатыры разы ў абодва канцы, а гэта значыла, што ён рабіў штодзённа дзаццаць чатыры мілі ўгару і дванаццаць пад гару з грузам у паўтараста фунтаў на спіне. Ён быў горды, бадзёры і, не гледзячы на зморанасць, фізічна ў прыгожай форме. Ён еў і спаў, як ніколі яшчэ не еў і не спаў у сваім жыцці, і, бачачы, што праца набліжаецца да канца, амаль шкадаваў аб гэтым.

Адно толькі трывожыла яго. Ён ведаў, што застанецца жывы, калі зваліцца з стофунтовым грузам за спіной, але яго мучыла думка аб дадатковых пяцідзесяці фунтах, якія, як яму здавалася, павінны абавязкова зламаць яму пры падзенні шыю. Усе сцежачкі праз балота вельмі хутка ператвараліся ў бяздоннае месіва тысячамі насільшчыхаў, якія