Старонка:Смок Белью.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З прычыны таго, што дзяўчына прадаўжала сядзець захутаная ў коўдру, Кіт не стаў зацягваць размову і, гераічна адмовіўшыся ад другога кубка кавы, выбраўся з палаткі разам з чвэрткаю тоны свайго грузу. Апрача таго, ён панёс з сабою яшчэ некалькі вывадаў, а іменна: што ў дзяўчыны прыгожае імя і прыгожыя вочы, што ёй, напэўна, дваццаць, самае большае дваццаць два гады, што бацька яе, як відаць, француз і што яна жанчына з характарам і тэмпераментам і выхаванне атрымала, бясспрэчна, не тут, на далёкай ускраіне.


VI

Па абледзянелых скалах, над лініяй лясоў, сцежка ахінала возера Кратэр і спускалася па скалістай цясніне да Шчаслівага Лагера і першых мізэрных тонкіх соснаў. Трэба было патраціць шмат часу і цяжкай працы, каб пераправіць гэтым шляхам цяжкае снаражэнне. На возеры стаяла парусная лодка, якой карысталіся для перавозкі грузаў. За два рэйсы, за дзве гадзіны, тона грузу была-б перапраўлена на той бок. Але Кіт быў разароны дашчэнту, а лодачнік прасіў сорак далараў за тону.

— Для вас, мой друг, гэтая нікчэмная лодка — сапраўдная залатая россып, — сказаў яму Кіт. — Ці не хочаце мець яшчэ такую-ж россып?

— Укажыце, — заявіў лодачнік.

— Я пакажу яе вам, калі вы згодзіцеся пераправіць за гэта мой багаж. Ідэя надзвычай добрая і патэнт на яе яшчэ не ўзяты, так што вы зможаце прыняцца за справу, як толькі я растлумачу вам, у чым заключаецца фокус. Згаджаецеся?

Лодачнік згадзіўся. Кіту спадабаўся яго твар.

— Вельмі добра. Бачыце вунь той ляднік? Бярыце кірку і ідзіце туды. За адзін дзень вы прасячэце добры жолаб зверху данізу. Разумееце, у чым справа? Канал Чылькут — Кратэр. Кансалідаванае Транспартнае таварыства з абмежаванай адказнасцю. Вы можаце браць па пяцьдзесят цэнтаў за сто фунтаў і перапраўляць па сотні тон у дзень. А ўся ваша праца будзе заключацца толькі ў тым, каб збіраць манету.

Праз дзве гадзіны Кіт з сваім грузам быў на процілеглым беразе, выйграўшы такім чынам цэлыя тры дні. Таму, калі Джон Белью дагнаў пляменніка, той быў ужо непадалёк ад Глыбокага возера, другога вулканічнага паглыблення, напоўненага ледзяной вадой.