Старонка:Смок Белью.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

грашыма ў тоўстых часопісах. Галоўнае, няхай ён прагоніць хутчэй тупіцу, якому даручыў музычную і мастацкую крытыку. У Сан-Францыска-ж заўсёды была свая ўласная літаратура. Цяпер яе няма. Няхай О’Гара параспытае і адкапае якога-небудзь дзівака, які мог-бы забяспечваць «Хвалю» з нумара ў нумар раманам з працягам, адлюстроўваючым сапраўдную рамантыку, захапленне і каларыт Сан-Францыска».

І вось Кіт Белью прышоў у рэдакцыю «Хвалі», каб шчыра выказаць гэтыя меркаванні. О’Гара выслухаў. О’Гара паспрачаўся. О’Гара згадзіўся. О’Гара выгнаў тупіцу, які пісаў крытычныя артыкулы. Нарэшце, О’Гара зрабіў з Кітам тое, чаго так баяўся Джылет у далёкім Парыжы. Бо калі О’Гара жадаў чаго-небудзь, ніхто з яго сяброў не мог адмовіць яму ў просьбе. Ён быў мілы, да невыказнасці. Перш чым Кіт выбраўся з рэдакцыі часопіса, ён зрабіўся сурэдактарам О’Гара, абяцаў пастаўляць штотыднёва некалькі слупкоў для крытычнага аддзела, пакуль не знойдзецца другі супрацоўнік, і даваць для кожнага нумара раздзел рамана з жыцця Сан-Францыска ў дзесяць тысяч слоў — і ўсё гэта зусім бясплатна.

— «Хваля» пакуль яшчэ не можа плаціць, — растлумачыў О’Гара і тут-жа пераканаўча даказаў, што ў Сан-Францыска ёсць толькі адзін чалавек, здольны стварыць падобны раман, і гэты чалавек — Кіт Белью.

— О божа, выходзіць, што дзівак, пра якога казаў Джылет, я сам! — горка прастагнаў Кіт, спускаючыся па вузкай лесніцы.

І з гэтага моманту пачалося яго рабскае служэнне О’Гара і ненаедным слупкам «Хвалі». Тыдзень за тыднем не выходзіў ён з рэдакцыі, выправаджваючы крэдытораў, спрачаўся з друкарамі і даваў кожны тыдзень дваццаць пяць тысяч слоў на самыя рознастайныя тэмы. Чым далей, тым рабілася цяжэй. «Хваля» была ганарлівай. Спатрэбіліся ілюстрацыі. Гэта вяло да вялікіх расходаў. Грошай не было нават для аплаты Кіта Белью, і ўжо вядома не было сродкаў для пашырэння штата.

— Вось што значыць быць пакладзістым хлопцам, — прабурчэў аднойчы Кіт.

— Падзяка богу за пакладзістых хлопцаў! — з слязьмі на вачах усклікнуў О’Гара, паціскаючы Кіту руку. — Вы выратавалі мяне, Кіт! Не было-б вас, я вылецеў-бы ў трубу. Пацярпіце яшчэ крышачку, сябра, пасля будзе лягчэй.

— Ніколі, — жаласліва прастагнаў Кіт. — Я ясна бачу свой лёс. Так будзе заўсёды.