Старонка:Смок Белью.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сільшчыкаў, каля чатырохсот фунтаў грузу — вопратка і лагернае снаражэнне — усё-ж засталося на месцы, і Джон Белью ўзяўся перанесці іх уласнымі сіламі, накіраваўшы Кіта з індзейцамі наперад. На вяршыні Чылькута Кіт павінен быць застацца і пакрыху пераносіць груз далей, пакуль да яго не далучыцца дзядзя з сваімі чатырмастамі фунтамі.


V

Кіт цягнуўся па дарозе з насільшчыкамі-індзейцамі. З прычыны таго, што да вяршыні Чылькута адлегласць немалая, ён скараціў свой груз да васьмідзесяці фунтаў.

Індзейцы ішлі са сваім грузам больш хуткай паходкай, чым звычайна ішоў Кіт. Аднак цяпер гэта яго не палохала: ён ужо прызвычаіўся лічыць сябе амаль роўным любому індзейцу.

Праз чвэртку мілі яму захацелася адпачыць. Але індзейцы не спыняліся, і Кіт пайшоў далей нароўні з імі. Прайшоўшы яшчэ поўмілі, ён вырашыў, што не ў сілах зрабіць больш ніводнага кроку. Тым не менш ён сціснуў зубы і прадаўжаў шлях, а к канцу мілі з вялікім здзіўленнем пераканаўся, што ўсё яшчэ жывы. Затым, як гэта ні дзіўна, надышоў пералом, і другая міля здалася яму нават лягчэй першай. Трэцяя міля ледзь не забіла яго. Але, амаль у беспрытомнасці ад стомленасці і болю, ён усё-ж не дазваляў сабе застагнаць ці ўздыхнуць. І ў тую хвіліну, калі ён адчуў, што траціць прытомнасць, індзейцы зрабілі прывал. Замест таго каб апусціцца на зямлю разам з грузам, як рабілі гэта звычайна белыя, індзейцы вызваліліся ад плечавых і галаўных рамянёў і зручна расцягнуліся на зямлі, курачы і размаўляючы. Прайшло добрых поўгадзіны, перш чым яны зноў рушылі ў дарогу. Кіт з вялікім здзіўленнем адчуў, што зусім асвяжыўся, і з гэтай хвіліны зрабіў сваім правілам даўгія пераходы і даўгія адпачынкі.

Чылькут упаўне апраўдаў усё тое, што аб ім гаварылі. Кіту прышлося нямала папрацаваць рукамі і нагамі, карабкаючыся па скалах. Але калі ён дабраўся да перавала ў снежную завіруху разам з індзейцамі, ён адчуў у глыбіні душы вялікі гонар ад таго, што ні разу за ўвесь час шляху не крыкнуў, ні разу не адстаў ад спадарожнікаў. Цяпер у яго з’явілася новая ганаровая мара: зрабіцца такім-жа вынослівым і моцным, як індзейцы.

Калі ён разлічыўся з насільшчыкамі і яны пайшлі, спусцілася цёмная, бурная ноч, і ён быў адзін на перавале хрыбта,