Старонка:Смок Белью.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бабоў. У выніку страўнік адмовіўся працаваць, і на працягу некалькіх дзён болі і раздражненне, якія выклікаліся галадоўкай і расстройствам, ледзь не зламалі яго канчаткова. Але пасля прышоў радасны дзень, калі ён змог есці, як ненажэркая жывёла, і з прагнымі воўчымі вачыма прасіць яшчэ і яшчэ.

Паспяхова пераправіўшы ля ўваходу ў цясніну ўвесь груз цераз паток па бярвеннях, спадарожнікі змянілі свой план.

З-за перавалу дайшлі чуткі, што ў аколіцах возера Ліндэрман не засталося ніводнага дрэва, прыгоднага для пабудовы лодкі. Тады абодва кузены, нагрузіўшы на сябе інструменты, пілы, коўдры і запасы харчавання, крануліся наперад, пакінуўшы Кіта з дзядзем перацягваць астаткі багажа. Цяпер Джон Белью рыхтаваў ежу разам з Кітам, і яны поплеч ішлі з грузам. Час ляцеў хутка, і неўзабаве на вяршынях выпаў першы снег. Калі-б зіма захапіла іх на гэты бок перавала, яны страцілі-б цэлы год. Таму дзядзька падставіў сваю жалезную спіну пад стофунтовы цяжар. Кіт адчуў спачатку нейкую разгубленасць, але потым сціснуў зубы і прымацаваў да сваіх рамянёў гэтакі-ж груз. Гэта было цяжка, але ён паспеў парадкам ужо прыстасавацца, і цела яго, памацнеўшае і страціўшае лішні тлушч, пачынала набываць моцную, сухую мускулатуру. Да таго-ж ён наглядаў і вынаходзіў. Ён адразу звярнуў увагу на прыстасаванне з рамянёў, якія індзейцы насілі на галаве, і зрабіў сабе такое-ж, каб карыстацца ім адначасова з спіннымі рамянямі. Гэта значна аблягчала справу і давала яму магчымасць класці на цюк яшчэ які-небудзь дадатковы нецяжкі, але вялікага памеру пакет. Такім чынам ён навучыўся пераносіць па сто фунтаў на рамянях і адначасова падтрымліваў патыліцай які-небудзь пятнаццаці-дваццаціфунтовы прадмет, які свабодна ляжаў на цюку. У адной руцэ ён нёс сякеру ці пару вёслаў, а ў другой — укладзеныя адзін у другі паходныя кацялкі.

Але, не гледзячы на ўсе намаганні насільшчыкаў, іх праца рабілася ўсё цяжэйшай. Дарога была ўсё горшай, груз цяжэйшым, а снегавая лінія на гарах з кожным днём спускалася ўсё ніжэй. Плата за пераноску багажа падскочыла да шасцідзесяці цэнтаў за фунт. Ад кузенаў не прыходзіла ніякіх вестак; відавочна, Хэл і Роберт усё яшчэ сяклі і пілавалі лес. Джон Белью занепакоіўся. Сустрэўшы па дарозе некалькіх індзейцаў, якія вярталіся з возера Ліндэрман, ён угаварыў іх узяцца за пераноску груза. Яны патрабавалі па трыццаць цэнтаў за фунт, каб данесці цяжар да вяршыні Чылькута; гэта было вельмі дорага. Але, не гледзячы на дапамогу на-