Старонка:Смок Белью.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на тысячу футаў вышэй лініі лясоў. Мокры да пояса, галодны і змораны, ён аддаў-бы ў гэтую хвіліну ўвесь свой гадавы даход за агонь і кубак кавы. Замест гэтага ён з’еў некалькі халодных аладак і зарыўся ў напалову разгорнутую палатку. Перад сном ён паспеў толькі са злараднасцю ўявіць сабе, як Джон Белью будзе мужна карабкацца на вяршыню Чылькута са сваімі чатырмастамі фунтамі. Хоць яму самому трэба было цягнуць дзве тысячы фунтаў, але-ж шлях яго ляжаў цяпер пад гару. Са здрантвелым ад працы і адубелым ад холаду целам прачнуўся ён раніцою, выпаўз з палаткі; знішчыў фунты два сырой грудзінкі, прывязаў да рамянёў стофунтовы цюк і пачаў спускацца па скалістай сцежачцы. На некалькі сот ярдаў ніжэй сцежачка перасякала невялікі ляднік і збягала далей да возера Кратэр. Нейкія людзі ішлі з грузам цераз ляднік. Увесь гэты дзень Кіт складваў свае цюкі ля верхняга краю ледніка; невялікая адлегласць дазваляла яму пераносіць па сто пяцьдзесят фунтаў адразу. Ён сам не мог надзівіцца ўласнай доблесці. За два далары ён купіў у індзейца тры скамянелыя марскія сухары і з’еў іх на працягу дня з вялікай колькасцю сырога бекона.

Не памыўшыся і не сагрэўшыся, ён зваліўся ў прамокшай ад поту вопратцы і праспаў, захутаўшыся ў палатку, другую ноч.

На досвітку ён разаслаў на лёдзе брэзент і пагрузіў на яго тры чвэрткі тоны. Затым ён пацягнуў яго па коўзкай паверхні. У тым месцы, дзе спуск ледніка рабіўся больш крутым, груз пачаў развіваць усё большую хуткасць, абагнаў яго, падхапіў і панёс далей, як на санках.

Сотні спадарожнікаў, нагружаных паклажай, спыняліся, пазіраючы на яго. Ён моцна крычаў, перасцерагаючы тых, хто знаходзіўся на яго шляху, і яны, спатыкаючыся, адскоквалі ўбок. Ля ніжняга краю ледніка стаяла маленькая палатка. Здавалася, што яна імчыцца яму насустрач, так хутка яна расла. Ён звярнуў з пратаптанай дарожкі ў тым месцы, дзе яна адхілялася ўлева, і паімчаўся па некранутаму снегу. Марозны пыл, як воблака дыму, ахутаў яго, замаруджваючы хуткасць руху. Ён убачыў палатку толькі ў тую хвіліну, калі ўрэзаўся ў яе, сарваў бакавыя калкі, прарваў пярэдняе палотнішча і, усё яшчэ седзячы на сваім брэзенце сярод гурбы мяхоў з харчаваннем, уляцеў у сярэдзіну палаткі. Яна захісталася, як п’яная, і ў воблаках густой пары Кіт убачыў перад сабой здзіўлены твар маладой жанчыны,