Старонка:Смок Белью.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ка. Перш чым скончылася міля, ён пакінуў лаяцца і пачаў плакаць.

Гэта былі слёзы зморанасці і агіды да самога сябе. Калі толькі калі-небудзь быў на свеце слабы, нікчэмны чалавек, дык гэта ён. Калі ўжо быў відзен канец пераходу, ён зрабіў апошняе страшэннае намаганне, дабраўся да стаянкі і ўпаў ніцма на зямлю, так і не зняўшы са спіны меха з бабамі. Ён не памёр, але праляжаў хвілін пятнаццаць, перш чым сабраўся з сіламі, каб вызваліцца ад рамянёў. Тут ён адчуў сябе смяртэльна разбітым і хворым. Такім яго знайшоў Робі, стан якога быў не лепшы. Іменна гэта падбадзёрыла Кіта.

— Тое, што могуць рабіць іншыя, можам зрабіць і мы, — сказаў Кіт, хоць у глыбіні душы ў яго варушылася сумненне: ці не пустое гэта самахвальства з яго боку?


ІV

«Мне дваццаць сем год, і я мужчына», неаднойчы пераконваў ён сябе ў наступныя дні. Такое перакананне было неабходна.

За першы тыдзень, на працягу якога ён кожны дзень пераносіў восемсот фунтаў грузу на мілю ўперад, Кіт страціў пятнаццаць фунтаў уласнай вагі. Твар яго выцягнуўся і набыў пакутніцкі выгляд. І цела і мозг яго страцілі ўсякую эластычнасць. Ён ужо не ішоў, а цягнуўся, і на зваротных пераходах, ідучы без грузу, цягнуў ногі амаль з такою-ж цяжкасцю, як і пад цяжарам стофунтовай ношы.

Ён зрабіўся ўючнай жывёлай. Ён засынаў над ядой, і сон яго быў цяжкі і моцны, як у жывёлы. Часам ён прачынаўся і ўскрыкваў ад страшэнных судараг, якія зводзілі яго ногі; усё цела балюча ныла. Ад хадзьбы на нагах паяўляліся і лопаліся пухіры; але гэта было не так балюча, як жудасныя сінякі і крывепадцёкі ад абточаных вадою валуноў, па якіх на працягу двух міль ішла дарога ў цясніне Дайе. А гэтыя-ж дзве мілі азначалі трыццаць восем міль хадзьбы з грузам туды і назад. Ён мыў твар толькі раз у дзень, а пазногці, зламаныя, знявечаныя, з заусенцамі, ніколі не чысціў. Боль у плячах і руках ад рамянёў, якія глыбока ўразаліся ў цела, прымусіў яго ў першы раз спачувальна падумаць аб конях, якіх ёй гэтулькі разоў бачыў на гарадскіх вуліцах.

Адным з мучэнняў, ледзь не даканаўшых яго спачатку, была яда. Велізарная фізічная праца патрабавала ўзмоцненага харчавання, а страўнік яго не быў прыстасаваны да непамерных порцый бекона і грубых, нястраўных цёмных