Старонка:Смок Белью.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ніякага Чылькута не будзе, — адказваў ён. — Для мяне ва ўсякім разе. Задоўга да Чылькута я заспакоюся ў магілцы, пакрытай імхом.

Раз ён пакаўзнуўся і зрабіў вялікае намаганне, каб утрымацца. Гэта напалохала яго. Ён адчуў, як усё ў яго сярэдзіне абарвалася.

— Калі толькі я ўпаду калі-небудзь з гэтым грузам на спіне, пішы прапала, — сказаў ён аднаму з сваіх спадарожнікаў.

— Гэта што! — адказаў той. — Пачакайце, дабярэмся да Вялікай Цясніны, там давядзецца перабірацца цераз шалёны паток па сасноваму ствалу ў шэсцьдзесят футаў даўжыні. Ні поручняў, ні вяровак. А дрэва гнецца, і вада бурліць і захлёствае да кален. Калі вы зваліцеся з мехам на спіне, ніякай магчымасці вызваліцца ад рамянёў. Застаецца адно — тапіцца.

— Што-ж, гэта нядрэнна, — сказаў Кіт. Страшэнная зморанасць прымушала яго амаль марыць аб такім канцы.

— Там штодзённа тоне тры-чатыры чалавекі, — запэўняў яго субяседнік. — Я аднойчы дапамог вывудзіць адтуль аднаго немца, на ім знайшлі чатыры тысячы крэдыткамі.

— Весела, няма чаго і казаць, — вымавіў Кіт, з цяжкасцю паднімаючыся на ногі і зноў рушыўшы ў дарогу.

Ён і яго мех з бабамі — гэта была нейкая хадзячая трагедыя. Яму ўспомніўся злы дух, які сядзеў на спіне Сіндбада[1]. Вось яна, сапраўды мужная праца, разважаў ён. У параўнанні з гэтым рабства ў О’Гара здавалася мілым. Час-ад-часу ён гатовы быў паддацца спакусе — кінуць мех з бабамі ў кусты, абагнуць, крадучыся, стаянку, паімчацца да берага, сесці на параход і вярнуцца да цывілізацыі.

Але ён гэтага не зрабіў. Дзесьці ў глыбіні яго істоты была закладзена моцная воля, і ён няспынна паўтараў сам сабе, што тое, што робяць іншыя, можа зрабіць і ён. Гэтыя словы, як неадчэпная думка, не пакідалі яго, і ён казаў іх усім, хто праходзіў паўз яго. Іншы раз, у хвіліны адпачынку, ён з зайздрасцю разглядваў моцных індзейцаў з нагамі мулаў, калі яны праходзілі ля яго, нагружаныя непараўнальна большымі пакункамі. Яны, як відаць, ніколі не адпачывалі і рухаліся з цвёрдасцю і ўпэўненасцю, якая здзіўляла яго.

Ён сядзеў і лаяўся (на хаду ў яго нехапала для гэтага дыхання), змагаючыся са спакусай уцячы назад у Сан-Францыс-

  1. Сіндбад-Мараход — адзін з герояў арабскіх казак «Тысяча і адна ноч».