Старонка:Смок Белью.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён так і зрабіў і, узваліўшы на сябе цюк, весела падаўся ў дарогу. Прайшоўшы мілю, ён скінуў груз і лёгкім крокам вярнуўся назад. Гэта аказалася лягчэй, чым ён думаў. Але дзве мілі сцерлі ворс з яго сілы, агаліўшы слабую аснову. Другі яго цюк важыў шэсцьдзесят пяць фунтаў. Гэта было ўжо значна цяжэй, і Кіт страціў сваю першапачатковую рухавасць. Некалькі разоў за час пераходу ён, па прыкладу ўсіх насільшчыкаў, садзіўся на зямлю і прысланяў груз, не скідваючы яго з плеч, да каменя ці пня. Калі справа дайшла да трэцяга цюка, Кіт канчаткова заганарыўся. Ён прымацаваў да рамянёў мех бабоў у дзевяноста пяць фунтаў і крануўся ў дарогу. К канцу першых ста крокаў ён адчуў, што сілы пакідаюць яго. Ён прысеў і выцер з твара пот.

— Кароткія пераходы і кароткія адпачынкі, — прабурчэў ён, — вось у чым справа.

Іншы раз яму не ўдавалася зрабіць нават поўных сто крокаў, і кожны раз, як ён, перадыхнуўшы, зноў падымаўся на ногі, ноша рабілася несумненна цяжэйшай. Ён задыхаўся і ўвесь абліваўся потам. Не прайшоўшы і чвэрткі мілі, ён зняў сваю шарсцяную фуфайку і павесіў яе на дрэва. Крыху пазней скінуў капялюш. К канцу першай поўмілі ён адчуў, што больш не можа. Ніколі ў жыцці ён не рабіў такіх намаганняў; ён быў упэўнены, што прышоў яго канец. Ён сядзеў задыхаючыся, як раптам позірк яго ўпаў на вялізны рэвальвер і цяжкі пояс з патронамі.

— Дзесяць фунтаў лішку, — усміхнуўся ён, адчэпліваючы пояс.

Ён нават не патурбаваўся павесіць яго на дрэва, а проста кінуў у прыдарожны хмызняк. Сочачы за патокам нагружаных людзей, якія цягнуліся ля яго ўверх і ўніз, ён убачыў, што і іншыя навічкі адчэплівалі сваю агнястрэльную зброю.

Кароткія пераходы прыходзілася яшчэ больш скарачаць. Часам ён з цяжкасцю, хістаючыся, праходзіў крокаў сто і вымушан быў рабіць перадышкі, бо сэрца яго злавесна трапяталася, кроў стукала ў скронях і барабанных перапонках, а калені агідна дрыжэлі. Адпачынкі рабіліся даўжэйшымі. Аднак мозг яго не пераставаў працаваць. Перад ім ляжала яшчэ дваццаць восем міль шляху, гэта значыць дваццаць восем дзён такой працы, а гэта, па агульных водзывах, была яшчэ самая лёгкая частка дарогі.

— Вось пачакайце, дабярэмся да Чылькута, — казалі яму спадарожнікі, спыняючыся, каб пагаварыць і адпачыць, — там прыдзецца ісці на чацвярэньках.