Старонка:Смок Белью.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Але-ж вы забываеце, дзядзечка, — запярэчыў Кіт, — што мяне не кармілі з дзяцінства медзвяжацінай.

— … і гуляючы спраўлюся з ім, калі мне стукне шэсцьдзесят.

— А ну, пакажыце, як вы гэта робіце.

І Джон Белью паказаў яму. Дзядзю было сорак восем год, але ён нагнуўся над мехам, моцна схапіў яго, трохі раскачаў і, выпраміўшыся, шпаркім рухам перакінуў стофунтовы цяжар цераз плячо.

— Прывычка, мой хлопчык, прывычка і моцная спіна!

Кіт пачціва зняў капялюш.

— Вы дзіва, дзядзечка, вялікае дзіва! Як вы думаеце, ці змагу я набыць такую прывычку?

Джон Белью паціснуў плячыма.

— Ты ўцячэш перш чым мы кранемся ў дарогу.

— І не падумаю, — прабурчэў Кіт. — Там мяне чакае О’Гара, рыкаючы леў, і я не вярнуся да яго, пакуль будзе хоць якая- небудзь магчымасць заставацца тут.


ІІІ

Першае выпрабаванне Кіта прайшло паспяхова. Да Фінеганскага раздарожжа ўдалося наняць індзейцаў, якія згадзіліся перанесці дзве тысячы пяцьсот фунтаў снаражэння. Пачынаючы з гэтага месца, трэба было цягнуць цяжар на ўласнай спіне. Было вырашана праходзіць кожны дзень па адной мілі. Гэта вельмі лёгка на паперы. Джон Белью павінен быў заставацца на стаянках і рыхтаваць ежу, таму ён толькі зрэдку мог дапамагаць пераносіць груз. Такім чынам, кожнаму з трох маладых людзей трэба было штодзённа перацягваць восемсот фунтаў на адлегласці адной мілі. Паднімаючы па пяцьдзесят фунтаў за раз, кожны з іх павінен быў зрабіць у дзень шаснаццаць міль з цяжарам і пятнаццаць без яго.

«Таму што ў апошні раз нам ужо не прыдзецда вяртацца!» зрабіў прыемнае адкрыццё Кіт. Пры васьмідзесяці фунтах грузу трэба было рабіць штодзённа дзевятнаццаць міль, а пры ста — толькі пятнаццаць.

— Я не люблю хадзіць, — сказаў Кіт, — таму панясу сто фунтаў. — Ён прыкмеціў недаверлівую ўсмешку на твары дзядзькі і таропка дабавіў: — Вядома, мне прыдзецца патрэніравацца спачатку. Усім гэтым штукам і выкрутам трэба вучыцца. Я пачну з пяцідзесяці фунтаў.