Старонка:Смок Белью.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яе вочы, цёмныя, з даўгімі вейкамі, у сваю чаргу падняліся на Кіта з халоднай цікаўнасцю. З яго твара яны з выразнай іроніяй перайшлі на вялікі рэвальвер. Затым яе вочы зноў сустрэліся з яго ўзрокам і ў іх адлюстравалася зняважлівая насмешка, закрануўшая яго, як удар бізуна. Дзяўчына павярнулася і паказала на Кіта чалавеку, які стаяў побач з ёю. Той зірнуў на Белью з такім-жа іранічным выражэннем.

— Чэчака, — сказала дзяўчына.

Чалавек, падобны на брадзягу ў сваіх недарагіх штанах і падранай шарсцяной куртцы, суха ўсміхнуўся, і Кіт, сам не ведаючы чаму, адчуў сябе зняважаным. «Але як-бы там ні было, а яна надзвычай прыгожая дзяўчына», вырашыў ён, калі тыя рушылі. Ён звярнуў увагу на яе паходку і вырашыў, што пазнае яе і праз тысячу год.

— Бачылі гэтага чалавека з дзяўчынай? — запытаўся ў Кіта яго сусед. — Ведаеце, хто гэта?

Кіт паківаў галавой.

— Карыбу Чарлі. Мне толькі што паказалі яго. Яму здорава пашанцавала ў Кландайку. Тутэйшы. На Юконе ўжо год дзесяць. Якраз цяпер едзе на нейкі час.

— Што значыць «чэчака»? — запытаўся Кіт.

— Вы чэчака. І я таксама, — быў адказ.

— Можа быць. Але вы мне растлумачце, што гэта значыць.

— Навічок.

Вяртаючыся зноў на бераг, Кіт усё паўтараў сам сабе гэтае слова. Не вельмі ўжо прыемна мужчыне, калі такая вось далікатная паненка называе яго навічком.

Усё яшчэ пад уражаннем сілы індзейца, Кіт забраўся ў праход між цюкамі і вырашыў паспрабаваць свае уласныя сілы. Ён выбраў мех мукі, які, як ён ведаў, важыў сто фунтаў, шырока расставіў ногі, нагнуўся і паспрабаваў узяць яго сабе на плечы. Першай яго думкай было, што сто фунтаў — немалая вага. Другой — што спіна яго недастаткова моцная. Потым ён вылаяўся і нарэшце пасля пяці хвілін дарэмных намаганняў зваліўся пад непасільным цяжарам. Ён выцер пот з ілба і ў тую-ж хвіліну ўбачыў над кучай мяхоў з харчаваннем твар свайго дзядзькі Джона Белью, непрыязна і насмешліва сачыўшага за ім.

— Божа мой! — ускрыкнуў гэты апостал мужнасці. — Як гэта ад нас утварылася такое нікчэмнае патомства. Калі мне было шаснаццаць год, я гуляючы спраўляўся з такім глупствам…