Старонка:Слова пра Якуба Шэлю (1932).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адпакутваў два месяцы ў лёхах. Год бяз нечага перад разанінаю ён організуе дэпутацыю з ваколічнага сялянства да імпэратара, у Вену, каб канчаткова высьветліць там справу цяжараў паншчыны і на гэтую мэту абкладае хаты грашовым падаткам.

Офіцыяльная гісторыя далей прызнае, што лёзунг разаніны кінуў Шэля ў выніку выразнага абяцаньня, што даў яму імем імпэратара тарноўскі стараста Брайнль. З часу расправы з панамі сяляне павінны былі атрымаць на ўласнасьць зямлю, што яны абраблялі, і раз назаўсёды збавіцца ад прымусу паншчыны. Аднак пасьля тыднёвае разаніны, у выніку забегаў перад венскім дваром ахопленае страхам шляхты, імпэратар забываецца на свае папярэднія абяцанкі і выдае дэкрэт, у якім загадвае сялянам вярнуцца на паншчыну. Пра далейшы лёс гэтага дэкрэту офіцыяльная гісторыя замоўчвае, ды абмяжоўваецца сьцьвярджэньнем факту, што Шэлю арыштоўваюць і адвозяць у Тарноў, а пазьней высылаюць на Букавіну Сам-жа факт арышту, як і пазьнейшае выгнаньне прадстаўлены тут, як некі род умоўленае комэдыі, што інсцэніраваў стараста Брайнль, каб супакоіць узбураную шляхту і каб аўстрыйскай уладзе лягчэй было даць Шэлі ўзнагароду. На ўзнагароду за зробленую паслугу імпэратар абдарыў яго на карыстаньне да сьмерці кавалкам зямлі на далёкай Букавіне.

Аднак у сьвятле некаторых іншых тагачасных крыніц увесь гэткі другі акт галічанскае драмы ўяўляецца зусім інакш. І тут кульмінацыйным момантам зьяўляецца факт прыходу неспадзяванага імпэратарскага дэкрэту, што загадваў сялянству вярнуцца на паншчыну. Але разам з ім вынікае другі факт, які офіцыяльная гісторыя замоўчвае, факт, што Шэля адмовіўся выканаць гэты загад. Адмову Шэлі мурам падперла ўсё ваколічнае сялянства, ня выходзячы на работу. Гэта было роўна да бунту супроць волі імператара, якога сялянства на чале з Шэлі ўважала, і не бяз слушнасьці, за ашуканца. Вялізарны аўторытэт Шэлі зьвернуты супроць улады мог быць ёй на будучыну небясьпечным, прэцэдэнтам да новых бунтоў і непаслухмянства. Таму паводле загаду таго самага старосты Брайнля, Шэлю арыштавалі і адвезьлі ў Тарноў, а пасьля выслалі на пасяленьне на ўсё жыцьцё на Букавіну, дзе „на асалоду“ выдзялілі падашуканаму сялянскаму дыктатару кавалак зямлі.