падумаць, ні вочмі сваймі азіраці, а золата й срэбра таго й пагатове не бачыць ніколі!"
І застагнаў-жа, брацця, Кіеў тугою, а Чэрнігаў напасцямі! Нуда разлілася на Рускай зямлі; няўцешная жальба пацякла сярод Рускай зямлі. А князі сабе самі праступства кавалі; а паганыя самі адны, з перамогамі наваліўшыся на Рускую зямлю, дань вымагалі па белцы з двара.
Тыя бо два храбрыя Святаслаўлічы, Ігар і Усевалад, ужо няпраўду збудзілі, якую тут прыспаў быў іх бацька, Святаслаў грозны, вялікі кіеўскі. Быў ён гразою: верх браў сваім войскам магутным і мячамі сталёвымі. Наступіўшы на зямлю Палавецкую, патаптаў узгоры і долы; замуціў і азёры і рэкі; засушыў балоты й крыніцы. А паганага Кабяка з узлучыны морскай, ад жалезных вялікіх палкоў палавецкіх, як віхрышча выхапіў. І зваліўся Кабяк у горадзе Кіеве, у замку Святаслаўлевым.
Тут немцы і венедыйцы, тут грэкі і маравы пяюць славу Святаслаўлю, выдумляюць на князя Ігара, што патапіў багацце на донні Каялы, ракі палавецкай, насыпаўшы рускага золата там. Там Ігар князь ссядаў з залатога сядла і садзіўся ў сядло нявольніка.
Занылі сцены гарадоў, завяла вясёласць.
VII
А Святаслаў сумны сон сніў у Кіеве на горах у гэтую ноч.
"З вечара адзявалі мяне, кажа, у чорную пасцілку на цясовай краваці; чэрпалі мне сіняе віно, змешанае з зеллем; сыпалі мне з пустых калчанаў паганых полаўцаў буйныя пэрлы на грудзі, ды песцяць мяне. Ужо ноч з вечара дзікае груганнё гракала; пабыло каля Плеснеску на балоні, каля нетраў Кісані, і к сіняму мору няслося".
І сказалі баяры князю:
"Ужо, княжа, туга розум твой замуціла: гэта вось два сокалы зляцелі з бацькавага залатога пасада, каб горад Тмутаракань пашу-