каці або напіціся шоламам Дона. І ўжо сокалам крыллі падсечаны шаблямі погані, а саміх іх павуцінай жалезнай апуталі. Цёмна было ўжо на трэці дзень: два сонцы патухлі, абодва чырвоныя згаслі слупы, а з імі і месяцы два маладыя. Олег і Святаслаў завалакліся цямрыцай і ў моры яны патанулі, і гордасці хану дадалі вялікай. На рэчцы на Каяле святло цьма пакрыла; па Рускай зямлі, як рысяў племя, распасцерліся полаўцы. Ужо ўзнялася над хвалай пахула, ужо ўзсела насілле над воляй і ўжо ўрэзаўся Дзіў на зямлю. Вось бо гоцкія красныя дзевы запелі на беразе сіняга мора, золатам звонячы рускім: пяюць яны Бусавы часы, і помсту лялеюць Шараканаву... А мы ўжо, дружына твая, не знаем вясёласці".
Тады вялікі Святаслаў абазваўся слаўцом залатым, са слязамі змешаным, и сказаў:
- "О, мае сыноўцы, Ігару і Усеваладзе! Рана пачалі вы зямлю Палавецкую рэзаць мячамі, а славы шукаці сабе. Але не з чэсцяю ўходалі, бо не з чэсцяй паганскую кроў пралілі. Вашы адважныя сэрцы ў сталі нязломнай закованы і згартованы адвагай. Дый што вы стварылі маёй сярэбранай сівізне! Не даждаліся вы сільнага й багатага брата майго Яраслава з яго многавоямі, з чарнігаўскімі ваякамі - з магутамі і з татранамі, і з шальбірамі, і з тапчакамі, і з рэвугамі, і з ольберамі. Яны-ж, бывала, без шчытоў, з захаляўнымі нажамі, клікам палкі пабяджаюць, звонячы прадзедняй славай. Але вы сказалі:
"Храбрымося самі! Самі пярэднюю славу захопім і з задняю самі падзелімся".
"А ці-ж дзіва тут, брацця, і старому памаладзеці? Калі сокал у годах, высока ўзбівае ён птушак, свайго не папусціць у крыўды гнязда! Але ў тым гора, што князі ўжо мне ў непадмогу. У нішто абярнуліся тыя часіны! Вось у Рымаве крычаць пад шаблямі палавецкімі, а Уладзімір пад ранамі. Туга і нудота Глебаву сыну!"
VIII
Княжа вялікі, Усеваладзе! Ці не мысляй табе-б прыляцеці, каб бацькаў пасад убярэгчы! Ты бо можаш распырскаці вёсламі Волгу,