Перайсці да зместу

Старонка:Скарына і яго эпоха (1925).pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

паступаючага ў унівэрсытэт студэнта. Але прымаючы пад увагу, што па тагочасных умовах у ўнівэрсытэт прымалі не маладзей 14 год, магчыма думаць, што час яго нараджэньня прыпадае на 1490 год. Такой думкі, прынамсі, трымаецца вядомы дасьледчык Скарыны П. Уладзіміраў[1].

Менш праўдзівай будзе другая дата нараджэньня Скарыны, якую даводзіць проф. М. Шчакаціхін у сваім артыкуле: „Калі радзіўся Францішак Скарына" ("Полымя" № 5-1925 г.).

Грунтуючыся на дапушчэньні (вельмі гадальным), што знак у „гэрбе“ Скарыны тлумачыцца, як знак зацьменьня, ён ставіць гэта ў сувязь з сапраўдным сонечным зацьменьнем (гадана), а гэта апошняе да дня яго нараджэньня (гадана).

Перабіраючы сонечныя зацьменьні за апошнюю чвэрць XV веку за першую палову XVI, прыходзіць да вываду, што дзень нараджэньня Скарыны: 6 сакавіка 1486 году.

Як бачым, дапушчэньне грунтуецца на дапушчэньні, а дзеля гэтага і вывад яго вельмі спрэчны.

Што тычыцца далейшай адукацыі Скарыны, дык наконт гэтага ёсьць такія весткі. У ліку атрымаўшых першую вучоную ступень бакаляра філёзофіі ў Кракаўскім унівэрсытэце знаходзім імя Скарыны: "Franciscus de Poloczko Litphanus". У Кракаве выкладаліся тады вядомыя ў сярэднія вякі сем вольных навук, якія грунтаваліся на лацінскіх трактатах з укладаньняў Арыстотэля па рыторыцы, лёгіцы і эстэтыцы. Навукі гэтыя вось якія: граматыка, лёгіка, рыторыка, фізыка з арытмэтыкай і геомэтрыяй, музыка, астрономія, дакладней, астролёгія і навука складаць каляндар. Аддзел мэдыцыны быў пастаўлен слаба і толькі ў 1526 годзе, як даводзіць гісторык Лукашэвіч[2], быў выпушчаны першы мэдык з Кракаўскага унівэрсытэту. У той час пераважным кірункам у апошнім быў тэолёгічны, бо знаходзіўся ў руках каталіцкага духавенства.

Доктар, выкліканы да хворага, павінен быў перш за ўсё даваць яму раду аб збавеньні душы, а ўжо потым лячыць цела.

Такі погляд на дактароў знаходзім мы і ў Скарыны ў прадмове да "Кнігі Судзей: "Внегда каемся грѣховъ своихъ, то посылаеть нам гдь Бог Пастырей и докторовъ, они же научають насъ противитися бѣсовскімъ покусамъ". Апрача навукі, Скарына прыглядаўся да культурнага жыцьця Зах. Эўропы і асабліва да друкарскай справы. Апошняя ў той час ужо была добра нарыхтавана. Там у 1491 годзе немцам Швайпольтам Фэолем былі выданы для Літвы і Беларусі першыя, друкаваныя ў царкоўна-славянскай мове кніжкі: "Октоіх", "Часасловец", Дзьве трыодзі" і "Псалтыр."

Пасьля Кракава Скарына недзе вандруе і невядома дзе здабывае сабе вучоную ступень доктара „eximiarum artium", што значыць - доктара зазначаных вышэй, сямі вольных навук.

  1. П. В. Владимиров. Доктор Ф. Скарына, его переводы, издания и язык (1888).
  2. Historja szkół w Koronie i w wielkim Księsfwie Litewskim.