У той час мэдыцынай славіўся Падуянскі унівэрсытэт у Італіі. Як даведваемся з захаваўшыхся там дакумантаў, Скарына і прыяжджае сюды ў 1542 годзе. Прыехаўшы, ён зьвярнуўся да намесьніка прыора, доктара Тадэуша Мусаці, і заявіў, што жадае трымаць экзамен на доктара мэдыцыны. Просьба была заўважана.
У бліскучым біскупскім палацы, перад шматлюднай мэдычнай колегіяй, Мусаці паведамляе, што зараз будзе экзаменавацца дужа вучоны, ужо маючы вучоную ступень доктара „artium", прыехаўшы з далёкага краю, малады грамадзянін па іменьні: "Dominus Franciscue Scorina de Poloczka Ruthenus". Экзамен адбыўся, і Скарына аднагалосна быў прызнаны доктарам мэдыцыны.
Гэтак стаў ён першым на Ўсходзе Эўропы доктарам мэдыцыны, або, як сам падпісваўся: "Въ наукахъ вызволеныхъ и въ лекарскихъ докторъ".
Дужа вучоны для свайго часу, як бачым, поўны энэргіі і сіл, прасякнуты ідэямі гуманізму, Скарына задумаў надзвычайна вялікую і цяжкую справу: "Вырозумения ради простыхъ людей", як сам пісаў, даць ім кнігі сьв. пісаньня ў друкаванай і зразумелай ім беларускай мове.
Дзеля гэтай мэты едзе ў Прагу чэскую, дзе яшчэ з XIV веку існавала сталая літоўска-беларуская колегія, заснаваная Ядвігай пры Праскім унівэрсытэце.
Тут пры актыўным удзеле віленскіх мяшчан - Багдана Онькава, Якуба Бабіча і іншых - закладае друкарню, працуе над перакладам біблейскіх кніг і над іх надрукаваньнем.
З 1517 па 1519 год выходзяць адна за аднэй 22 кнігі Бібліі і Псалтыр.
Па хараству друку гэтыя выданьні стаяць вышэй за ранейшыя славянскія (Фэоля), сучасныя ім вэнэцыянскія і нават ляпей, чымся нямецкія пачатку ХѴІ веку. Да іх даданы прадмовы і кароткія пасляслоўі, дзе знаходзім выразы: "Книга выдана повѣленіем, працею и выкладам Скорины". Сустракаюцца і такія выразы: "Казал есмы тиснути". З гэтага відаць, што сам Скарына, калі ня быў складальнікам кніжак, дык ён перакладаў іх на беларускую мову і магчыма сам вёў корэктуру.
Разьмер выданьня - чвэрць аркушу, літары рознай велічыні, прыгожа зробленыя; цікавыя мініятуры на біблейскі зьмест, віньеткі, завітушкі і канчаткі; надзвычайна прыгожыя вялікія літары; ёсьць вялікія застаўкі з чалавечымі фігурамі і гербам, а таксама малыя застаўкі з белымі малюнкамі на чорным фоне з красак і лісьця. Гэрб Скарыны, як ужо казалі, - сонца, прыкрытае месяцам у сярэдзіне. Пры адной з біблейскіх кніг Скарыны дададзен яго портрэт ва ўвесь узрост, які потым быў адноўлены ў вядомым выданьні Равінскага па гісторыі расійскай іконаграфіі.
Цікава зазначыць, што рукапісная біблія Вецынскага манастыра (Залочаўская акруга ў Галіччыне), якая потым апынулася ў сьвята-Ануфрыйскім манастыры, складаецца з пяці кніг Майсеевых, Кнігі Судзей, Руфь, Царств і Параліпоменан, што былі перапісаны ці перакладзены ў 1575