большага, чым шляхецкі. Сярод іх першае месца займае Вільня, як галоўны асяродак і па матэрыяльных сродках, і па адукацыі. Дзякуючы гандлёвай сувязі з Захадам, насельніцтва г. Вільні складалася з рознастайнага нацыянальнага элемэнту. Прысутнасьць у Вільні немцаў была прычынай збліжэньня Літвы і Беларусі з Нямеччынай і гэтым дапамагла прытоку тых рэформацыйна-рэлігійных ідэй, якія ахаплялі нямецкую шляхту і буржуазію ў XV і першай палове XVI веку. Літоўска-беларускія гарады падтрымоўваюць таксама культурную сувязь і з італьлянскімі гарадамі, куды езьдзіла вучыцца літоўска-беларуская шляхецкая моладзь. Паміж праваслаўем і каталіцтвам устанаўляюцца добрыя адносіны. Кароль Аляксандар і Жыгімонт сваімі граматамі ня раз падкрэсьлівалі правы праваслаўных, давалі ім некаторыя прывілеі і наогул ня ўціскалі. А кароль Аляксандар у 1503 годзе выдаў цікавую грамату, якая сьведчыла аб сіле праваслаўя на Беларусі: „Которыи будуть литвинъ або ляхъ крещены были у Витебску въ рускую вѣру, а хто изъ того роду и теперь живеть, того нам нерушити, правы ихъ хрестіяньского ни въ чем не ломити“[1].
Вялікае Літоўскае Княства ў культурных адносінах зьяўлялася беларускім. Беларуская мова была мовай дзяржаўнай. Гаспадарчыя лісты, граматы, соймавыя ўхвалы публікаваліся ў беларускай мове. Апошняя ўжывалася і ў гаспадарчай канцэлярыі, і ў судовых справах. У статуце 1556 году было выразна зазначана: „Пісар земскі абавязан усе лісты і позвы пісаць паруску (так называлася ў тагочасных дакумантах беларуская мова), а не на іншай якой-небудзь мове". Судзебнік 1468 году і статут 1529 году, розныя прывілеі публікаваліся на беларускай мове. На гэтай жа мове пісаліся беларускія летапісы, хронікі, жыціі сьвятых і г. д. Як даводзіць проф. У. Пічэта: „Толькі дзякуючы сваёй магутнай культуры, Беларусь мела магчымасьць культурна праглынуць Літву, толькі дзякуючы свайму значнаму разьвіцьцю, беларуская мова здолела зрабіцца мовай дзяржаўнай[2].
Росквіт беларускай культуры ахапляе ўсё XVI стагодзьдзе, калі багацьце і сіла беларускага духоўнага жыцьця знашла поўнае выяўленьне і дала такога вялікага дзеяча, як Ф. Скарына.
На вялікі жаль, да нас дашлі самыя нязначныя весткі аб яго жыцьцёпісе. Мы дакладна ня ведаем ні году яго нараджэньня, ні году яго сьмерці, ні падрабязных ведаў аб яго жыцьці. Добра ведаем толькі, што ён сын заможных купцоў, якія вялі ў той час гандаль з Вільняю і Рыгаю; родам, як сам ня раз зазначае, "з слаўнага граду Полацку", дзе і атрымаў першую адукацыю. Далей у рукапісных актах Кракаўскага унівэрсытэту 1504 г. сустракаем: Franciscus Luce de Poloczko, solrit 2 gr — што пабеларуску значыць: Францішак сын Лукаша з Полацку заплаціў 2 грошы. Гэтыя два грошы, як уступная плата, вымагалася ад кожнага