Перайсці да зместу

Старонка:Скарына і яго эпоха (1925).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На Беларусі буржуазія вылучае з сваіх гушч такіх гуманістых, як Ф. Скарына, Васіль Цяпінскі, Сымон Будны, якіх магчыма залічыць у шэраг пачынальнікаў беларускай публіцыстыкі. Сьвятло вольнага досьледу, ня прыгнечанага ні догмай, ні аўторытэтам ведаў, акрыляе іх думку. Усе яны прасякнуты вялікім нацыянальна-політычным пачуцьцём. У той час, калі шляхецкія дзеячы заняты аформленьнем сваіх політычных праў, гарадзкія дзеячы беларускага адраджэньня больш увагі аддаюць народным масам. Родная мова, як сымболь нацыянальнай культуры, як буйны фактар у справе нацыянальна-культурнага адраджэньня, становіцца прадметам іх асаблівай увагі.

У той час, калі нават сярод сучаснага грамадзянства яшчэ здараюцца выпадкі зьняважлівых адносін да мовы тэй ці іншай нацыі, Сымон Будны ў адзін голас кажа: Głupstwo to jest mowa jednej krainy gardzić, a drugiej słówka pod niebiosa wynosić.

Урэшце, заўважым, што беларускі гуманізм, як і нямецкі, захоўваючы асноўныя рысы эпохі Адраджэньня, адрозьніваўся перш за ўсё больш моцным патрыотызмам і рэлігійнасьцю яго прадстаўнікоў, а гэта адбудзіла цікавасьць да сьв. пісаньня і жаданьне зрабіць яго даступным для шырокіх мас, даўшы друкаваным на роднай мове. Тут мы падыходзім да надзвычайна вялікай зьявы ў гісторыі Беларусі — гэта пачатак беларускага друку.

II

Штукарства друкаваньня кніг зьяўляецца і распаўсюджваецца ў XV в., калі ідэі эпохі Адраджэньня вызвалілі поэзію, навуку і штукарства ад путаў схолястыкі і прабудзілі дзейную барацьбу за вольнасьць думкі і сумленьня. Друкарскі станок зьявіўся магутнай падмогай у гэтай справе. Хто першы сьвядома дадумаўся да гэтай вынаходкі —дакладна ня выясьнена. Але што ў гэтым пальма пяршынства прыналежыць Майнцу і Іогану Гутэнбэргу - дык гэта факт агульна прызнаны (за выключэньнем Голяндыі) і падмацаваны спэцыяльнымі досьледамі ня толькі нямецкімі, але францускімі, італьянскімі і ангельскімі. Зьявіўшыся, такім чынам, у Нямеччыне, у сярэднія вякі, штукарства друкаваньня кніг паступова пашырылася і на суседнія старонкі. Яно потым атрымоўвае настолькі вялікае значэньне ў справе сусьветнай культуры, што ў наш час бяз друку цяжка і ўявіць сабе гэтую культуру. Нездарма сам Іоган Гутэнберг назваў друкарства: "Штукарства над штукарствам, навука над навукай". Словам, дзеля важнасьці друкаванага слова першыя друкары, бязумоўна, могуць быць залічаны ў шэраг будаўнікоў і закладчыкаў сучаснай культуры і цывілізацыі. А такім друкаром на Беларусі быў, як зазначана, Ф. Скарына.

Час, калі ён жыў і працаваў, азначаецца найвышэйшым росквітам беларускай нацыянальнасьці і яе культуры. Беларуска-літоўскія гарады робяцца асяродкамі ня толькі гандлю, але і культурнага руху, значна