кенці ІІІ так кажа: "Мы паміраем, покуль жывем, і толькі тады перастаем паміраць, калі перастаем жыць". Дзеля гэтага вельмі шырока распаўсюджваецца байка аб харастве сьмерці. Казалі, што каля пахаванага цела аднага сьвятога ўзімку зацьвілі кветкі, а з сэрца аднаго паслушніка вырасла надзвычайна прыгожае дрэва з надпісам "Ave Maria".
"Сьвет пярэчыць богу, а бог пярэчыць сьвету " - вось выраз сьв. Кацярыны Сіёнскай, які ляжаў у васнове сярэднявяковага сьветагляду. У сувязі з гэтым, адмаўленьне ўсяго зямнога было, па словах аднаго вучонага, залатым фонам на малюнку сярэднявяковай культуры.
Адмаўлялася ўласнасьць, адмаўлялася вольнасьць думкі і вольнасьць дзеяньня, адмаўлялася асабістая воля і асабістая ініцыятыва. Калецтва цела дахадзіла да такой ступені, што адзін з каталіцкіх сабораў, а іменна Латэранскі, зусім зганіў вывучэньне мэдыцыны. Дый на што лячыць цела, калі увесь сьвет — уласнасьць шатана, калі зямное жыцьцё — даліна сьлёз і юдаль плачу, а дзеля гэтага ня мае ніякай каштоўнасьці. "Гіпократ вучыць, як захаваць цела, а Хрыстос вучыць, як яго загубіць", так зазначае сьв. Бэрнард Клервоскі.
Зразумела, такія суровыя патрабаваньні сярэднявяковай моралі не маглі дакладна выконвацца. Яны сталі выклікаць супроць сябе рэакцыю, пачала паўставаць сама прырода чалавека. Але чым больш зьнявераная на практыцы сярэднявяковага жыцьця чалавецкая прырода заяўляла свае правы, тым больш лютай і нецярплівай рабілася сярэднявяковая мораль. І такая адарванасьць сярэднявяковых ідэалаў ад жыцьця падрыхтавала іх канчатак: яны пачалі губляць аўторытэт у вачох людзей самага рознастайнага складу думкі.
Эпоха Ф. Скарыны - лепшы прыклад у гэтым. Той заняпад рэлігіі і моралі, аб якім гаварылася вышэй, ці ня ёсьць гэта выразная рэакцыя супроць аскетычнага ідэалу сярэднявякоўя? Праўда, гэты ідэал і раней на Беларусі высока не падымаўся, але цяпер, у сувязі з зьмененымі экономічнымі адносінамі, ён зусім у заняпадзе.
Як было зазначана, Беларусь у гэты час перажывае моцны экономічны ўздым. Фэўдалізм пышна цьвіце, але яго ў значнай меры падмы ваюць хвалі гандлёвага капіталу. Узрастаюць гарады, як асяродкі гандлю і некаторай большай у параўнаньні грамадзкай вольнасьці, павялічваецца роля грошай, павіннасьці перакладаюцца на грошы, зьяўляецца кляса купцоў-профэсыяналаў. Створаны гэтай эволюцыяй чалавек-купец, гараджанін — ужо новы чалавек. Сярэднявяковыя ідэалы трацяць уладу над ім, у яго зьяўляюцца новыя ідэалы. Высоўваецца на першае месца індывідуальнасьць, моцная ахова праў вольна разьвіваючайся асабістасьці.
Новыя адносіны яшчэ нарадзілі і новы стан, невядомы сярэднім вяком. Гэта — сьвецкая інтэлігенцыя, людзі навукі і літаратуры, якія маюць буйны ўплыў на грамадзкае зданьне шляхам выпрацаваных імі самымі сродкаў.