Перайсці да зместу

Старонка:Скарына і яго эпоха (1925).pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рабілася здабыткам ворагаў; адно, што магло вытрымаць гэтыя нязгоды, — была асьвета, але яе дык і ня было. І так вельмі шмат зашкодзіла панству, што не маглі школ і навук паспалітых пашыраць і оных ня ўфундавана: бо калі-б навуку мелі, дык тады б за несьвядомасьцю сваёю ня прышлі да такой загубы.

Пры такім сумным стане адукацыі, беларускае духавенства, зразумела, не магло адпавядаць свайму прызначэньню. Адукацыя яго абмяжоўвалася, звычайна, адной толькі царкоўна-славянскай начытанасьцю. Вядомы перакладчык эвангельля на беларускую мову Васіль Цяпінскі гаворыць, што праваслаўныя сьвяшчэньнікі яго часу ня мелі ніякай адукацыі і нават не разумелі славянскай мовы, на якой напісаны сьвятыя кнігі.

Што тычыцца народнае асьветы, дык пра яе, зразумела, і гаварыць ня прыходзіцца.

Толькі з другой паловы XVI веку, пад уплывам запатрабаваньняў эпохі - стычкі польскага і літоўска-беларускага капіталаў, барацьбы двух нацыянальных культур, польскай і беларускай, націску протэстантызму, — пачынаецца некаторае школьнае ажыўленьне. На Беларусі зьяўляюцца каталіцкія, вуніяцкія і протэстанцкія школы. Апошнія, дзякуючы вольным адносінам да царкоўных традыцый, значна адрозьніваліся ад школ праваслаўных і каталіцкіх, а гэта зьявілася вельмі важным штурхачом у разьвіцьці вольнай крытычнай думкі. Адчуваецца некаторая зьмена і ў стане праваслаўных школ; асабліва гэтая зьмена тычыцца школ, што адчыняюцца і кіруюцца брацтвамі.

Апошнія ў ХVІІ веку шырокай хваляй разьліваюцца па Беларусі. Яны адчыняюць школы, вядуць нацыянальна-культурную барацьбу, рупяцца аб падняцьці рэлігіі і моралі і г. д.

Вышэй мы ў агульных рысах разгледзім той час, калі жыў і працаваў Ф. Скарына, але і гэтага даволі, каб угледзець у ёй досыць выразныя пярэчаньні ідэалам сярэднявякоўя.

Як вядома, стары сьветагляд цалком узгадаваўся на фэўдальнай будове. Галоўнай яго адзнакай быў аскэтызм у поглядах на прыроду і чалавека, які патрабаваў, каб індывідуальнасьць нішчылася, каб у манастырскай самоце і жабрацтве, ня ведаючы ні здавальненьня, што дае праца, ні сямейных радасьцяй, чалавек аддаваўся б толькі адным малітвам і калецтву цела. Усё вучэньне тэолёгаў у сярэднія вякі грунтавалася на падставе: „Бог ёсьць дабро, а сьвет ёсьць зло". Адгэтуль склаўся погляд, што зямное жыцьцё мае не самастойную, а адносную каштоўнасьць, што пажаданы момант прыдзе для чалавека толькі тады, калі сьмерць вызваліць яго вечную душу ад ланцугоў праклятага цела. Як вядома, у старажытныя часы ўслаўлялі жыцьцё, а сьмерць лічылася вялікім няшчасьцем; у сярэднія вякі, наадварот, увесь асяродак цяжару бачылі ў загробным сьвеце і стваралі нейкі апотэоз сьмерці. Папа Іна-