Перайсці да зместу

Старонка:Скарына і яго эпоха (1925).pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гэтай прычыны яны часта становяцца прадметам нападаў. У жыцьцёпісе Антонія Сійскага чытаем, што аднойчы прышоў на Дзьвіну зборшчык біскупскай дані. Думаючы, што ў Антонія шмат багацьця, наслаў на яго разбойнікаў.

Здараецца, што дзеля даходу манастырамі кіруюць зусім сьвецкія людзі. Так, кароль Сьцяпан даў Менскі Ўзьнясенскі манастыр шляхцічу Невельскаму, а той перадаў яго з ведама каралеўскага, земяніну Дастаеўскаму, які ня быў нават праваслаўным. Мітрополіт Ільля і менскі кашталян Ян Глябовіч скардзіліся каралю, што Дастаеўскі карыстаецца толькі даходамі і зусім ня рупіцца аб кіраваньні манастыром, а дзеля гэтага прасілі аддаць апошні земяніну-ж менскаму Міколе Рагазе, чалавеку сумленнаму і ў сьв. пісаньні ведаючаму, які зараз-жа пастрыжэцца ў манахі. Кароль выканаў іх просьбу. Гэта было ў 1579 годзе[1].

Іншая зусім справа жыцьцё працоўных мас. Яны гібеюць у няволі і нядолі. Згодна пасьведчаньню такіх пісьменьнікаў XVI веку, як немец Браун[2], што вандраваў у той час па Беларусі, і названы вышэй Міхалон, дык экономічнае і соцыяльнае становішча іх надта сумнае. "Мы трымаем у нязьмернай няволі людзей сваіх", кажа ўжо вядомы нам Міхалон, "якія здабыты не вайною і ня купляю; належаць не да чужога, а да нашага пляменьня і веры; мы дзеля зла ўжываем нашу ўладу над імі, мы зьдзекуемся над імі, калечым, забіваем бяз суду па самым невялікім падазрэньні. Наадварот, у татар і маскоўцаў ні адзін чыноўнік ня можа забіць чалавека нават пры відавочным злачынстве - гэтае права дана толькі судзьдзям у сталіцах. А ў нас па ўсіх сёлах і вёсках робяцца прысуды аб жыцьці людзей. Прытым на абарону гаспадарства бярэм мы падаткі з адных толькі падуладных нам бедных гаражан і з бяднейшых сялян, зусім не чапаючы маёнткаў уласьнікаў, якія атрымоўваюць значна больш з сваіх уладаньняў".

З устаўных каралеўскіх грамат відна, што сялянства Літвы і Беларусі падзялялася на падданых або цяглых людзей і на чэлядзь нявольную. У ваднэй з такіх грамат чытаем: „Калі мужык супроць загаду дзяржаўцы або яго ўрадніка ня выйдзе на працу адзін дзень, або будзе непаслухмяным, дык узяць з яго за гэта ня болей барана; калі ж выявіць упартасьць, дык караць яго нагайкай або пугай".

У статуце сваім кароль Жыгімонт на аснове земскіх прывілей папярэднікаў Казімера і Аляксандра, дае абяцаньне ахоўваць Вялікае Княства і паноў рады ад усякага паніжэньня. Замацоўваючы правы княжатам, паном, шляхце і баярам, кароль адначасна абяцае простых людзей над шляхтай ня ўзвышаць. За пабоі, нанесеныя шляхцічам шляхцічу, вінавайца плаціць дванаццаць руб. грошай; калі-ж вінавайца ніжэйшага стану дык караецца адсячэньнем рукі. Яшчэ лепш азначаны правы "чорных людзей"

  1. Соловьев. История России. Т. 7.
  2. Браун Ciwitates orbis Terarum.