Атрыманьне літоўска-беларускімі гарадамі Магдэбурскага права і шмат розных іншых экономічных палёгкаў яшчэ больш дапамагае ўзросту іх экономічнай магутнасьці. Сярод гарадоў першае месца займае Вільня. Віленскае купецтва карыстаецца значным лікам розных пераваг. Напрыклад, у 1511 годзе кароль Жыгімонт выдае грамату, па якой купцы, што прыяжджаюць у горад Вільню, могуць гандляваць толькі з віленскімі купцамі, за выключэньнем кірмашу, калі ім дазваляецца гандляваць і з чужаземнымі купцамі. Віленскія купцы плацяць вельмі значную суму ў гаспадарчы скарб, выстаўляюць значны лік конных ваякаў, вядуць буйны гандаль і гэтым значна павялічваюць свае ўласныя капіталы.
Што тычыцца хатняга быту як купецтва, так і зямляўласьнікаў, дык на гэтым ня прыдзецца доўга спыняцца. Роскаш, сьпешчанасьць, заўсёдны баль і гультайства - вось найбольш выразныя адзнакі іх жыцьця. „Сьмяюцца татары", як піша пісьменьнік ХѴІ веку ліцьвін Міхалон: „што ў нас паважныя людзі мякка пакояцца і сьпяць, калі адбываецца царкоўная служба, а людзей беднага стану ня пушчаюць садзіцца; самі прыходзяць у царкву з мноствам павадыроў і ставяць іх перад сабой, каб пахваліцца іх колькасьцю. Гэтыя жальбы Міхалона падтрымоўвае і маскоўскі ўцякач князь Курбскі.
П'янства, аб якім сьведчыць яшчэ вэнэцыянскі пасол Кантарыні ў ХѴ веку было настолькі распаўсюджанай заганай, што яму аддаваліся і багатыя і бедныя. „У гарадох літоўскіх", піша Міхалон, „няма больш прыватных заводаў, як тыя, на якіх варыцца з жыта гарэлка і піва. Дзень пачынаецца піцьцём гарэлкі; яшчэ лежачы на пасьцелі крычаць: „гарэлкі, гарэлкі!" і п'юць гэты яд мужчыны і жанчыны, і юнакі на вуліцах і плошчах, даходзяць да голаду, зьвяртаюцца да крадзежу і разбою".
Тое самое творыцца і ў вайсковым стане. „Ворагі нашы татары", піша далей Міхалон "насьмяхаюцца над нашай бясьпечнасьцю, нападаюць на нас, калі мы пасьля п'янства сьпімо: „Ян! ты сьпіш", кажуць яны — а я, бачыш, турбуюся, зьвязваючы цябе. Цяпер нашых ваяк гіне сярод гультайства ў шынкох, дзе яны забіваюць адзін аднаго, больш, чымся самых ворагаў, якія часта зьнішчаюць нашу краіну, тады як нашы маглі-6 знайсьці лепшы выпадак паказаць сваю адвагу у бойках з ворагам цьвярозымі і дзейнымі".
Не рабіла выключэньне і духавенства. Яно яшчэ ў большай меры падзяляла шмат з гэтых заган. У манастырскіх сьценах часта пануе разгул і разврат. "Грэцкія манахі," кажа той самы Міхалон, "устрымоўваюцца ад жанок, а што папы ў старадаўнія часы жаніліся, — гэта відна ў шмат мясцох сьв. пісаньня. Калі-б нашы рабілі цяпер тое самае, дык было-б менш заганы, чымся ў гэтым фальшывым манастве, у якім яны жывуць, як сьпешчаныя сыбарыты, гараць заўсёды палам і трымаюць наложніц".
Дзякуючы таму, што манастыры маюць свае ўласныя землі, вядуць сваю гаспадарку, некаторыя з іх пасьпелі нажыць вялізныя капіталы. З