Перайсці да зместу

Старонка:Скарына і яго эпоха (1925).pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
Ф. СКАРЫНА І ЯГО ЭПОХА
А. Харэвіч

За ўвесь час самастойнага існаваньня Літоўска-Беларускага гаспадарства ў ім пераважала сталае, як кажа проф. Любаўскі "вячыстае" зямляўладаньне. Хаця яму былі вядомы і розныя іншыя формы, але гэтыя формы не атрымалі тут значнага распаўсюджаньня. Зямляўласьнікі князі, паны, баяры — зьяўляюцца старадаўнімі ўладарамі сваіх вотчын: у руках шмат з іх у ХVІ веку былі тыя ж самыя маёнткі, якія былі ў іх продкаў у XIII і XIV веку. Літоўска-беларускія паны назьбіралі дзеля гэтага вялізныя фамільныя капіталы. У той час, як самыя буйныя маскоўскія баяры толькі што і жывуць гаспадарчай пэнсіяй і часта даюць у заклад вопраткі сваіх жанок, каб узброіцца на вайну, літоўска-беларускія паны робяць буйныя пазыкі гаспадарчаму скарбу.

Як вядома, першая вунія з Польшчай, якая адбылася пры Ягайле і Вітаўце, не ажыцьцёвілася, але яна дала літоўска-беларускім зямляўласьнікам шмат розных гарантый, якімі абмяжоўвалася вялікакняская ўлада, а самае галоўнае тое, што яна пашкодзіла ўсталяваньню насьледнай улады, аддаўшы замяшчэньне гаспадарчага трону абраньню князёў, паноў і баяр Вялікага Княства.

Поруч з тым утвараецца сувязь паміж Польшчаю, Літвою і Беларусьсю, дзякуючы таму, што большаю часткаю ў таго і другога гаспадарства быў адзін агульны гаспадар, які жыў папераменку то ў Польшчы, то ў Беларусі.

Гэтая жыцьцёвая супольнасьць спрыяла ўплыву польскай дзяржаўнасьці на Беларусь. Польскія правы і вольнасьці паступова пераносяцца на беларускую глебу і дапамагаюць разьвіцьцю і пышнаму росквіту беларускага фэўдалізму, для якога і без таго была добра падрыхтавана глеба.

Але ХѴ і пачатак XVI веку азначаюцца яшчэ значным экономічным уздымам літоўска-беларускіх гарадоў. Такія гарады, як Вільня, Полацак, Горадня, Коўна, Бярэсьце — былі буйнымі гандлёвымі асяродкамі. За імі цягнецца і Менск. У той час, як Полацак плаціць падаткаў у гаспадарчы скарб штогод 400 коп грошай, Менск — толькі 60 коп[1].

  1. Соловьев. История России, Т. V.