У прадмове да кнігі Эсфір, кажучы аб перакладзе біблейскіх кніг на сваю "прироженую" мову, ён яшчэ дадае, што малая заслуга нарадзіцца ў тэй ці іншай краіне: „Не толико сами собѣ народжвомся на свѣтъ, но болѣе ко службѣ Божіей и посполитого доброго". Пад уплывам гэтых думак ён, як кажа: „И поднялся працы тое".
Няхай "служба Божія" для нас цяпер здаецца сьмешнай, але "паспалітае дабро", якое ён паставіў галоўным заданьнем сваёй выдавецкай працы, жаданьне зрабіць карысьць свайму народу, даўшы яму кнігу ў роднай мове, — ці ня мае гэта вартасьці і ў нашы дні і ці ні яно, галоўным чынам, тлумачыць кірунак усёй Скарынінскай працы?
Толькі псалтыр, як падручнік да славянскай граматы, Скарына выдрукаваў на славянскай мове. Але жадаючы, каб народ лепш разумеў і яго, ён і тут уводзіць народныя словы, аб чым і піша: „Положилъ есми на боцѣх (на палёх рукапісу) нѣкоторыі слова для людей простых русским языкомъ (так называў ён тагочасную беларускую мову), што которое слово знаменуеть".
Так ці іначай, але некаторымі ідэямі ён папярэдзіў сваю эпоху на цэлыя стагодзьдзі. Праз усе яго выданьні чырвонай ніткай праходзіць ідэя сувязі пісьменства з народам, тая ідэя, якая жыве і ў нашы дні.
Але Скарына не заставаўся глухім і да запатрабаваньняў сваёй эпохі.
Вышэй мы бачылі заняпад моралі, мы бачылі амаль поўную адсутнасьць народнае асьветы. Скарына ідзе гэтаму насустрэчу. Уся яго праца прасякнута ідэямі моральна-асьветнымі. Свой Псалтыр ён прызначае "дѣтемъ малымъ" як "початок всякое доброе науки, грамоты, еже добре чести и мовить учить". Яшчэ ясьней піша аб гэтым у прадмове да кнігі Премудрости Ісуса сына Сирахова: „Вся бо Соломонова и Арестотелева, божественная и житейская мудрость въ сей книзѣ краткими словы замкнена есть. Прото ж и я для похвалы Божіей и для посполитого доброго и размноженія мудрости, умѣнія, опатрености, разуму и науки приложилъ есмъ працу выложити книгу сию". Сьвятыя кнігі, як паясьняе Скарына: "Пожытэчны суть всякому человѣку, наболѣй тымъ, они же хотятъ имѣти добрые абычае и познати мудрость и науку".
Служыць пашырэньню граматы і асьветы, падымаць народную мораль - вось тыя ідэі друкарскай працы Скарыны, якія ня згубілі вартасьці і ў нашы дні і для служэньня якім ён ахфяроўваў сваё жыцьцё.
Яго друкарня ў Вільні, першая на Беларусі, зрабіла вялікую культурную місію для ўсяго славянскага Ўсходу. Даволі зазначыць, што пазьнейшыя нясьвіскія выданьні 1562 году, а таксама і першыя друкаваныя маскоўскія 1564 г. нясуць на сабе выразны ўплыў скарынінскага друку. У XVI і XVII веку пераклады і выданьні Скарыны знаходзяць сабе шмат прыпадабніцеляў. Нават Астроская Біблія 1581 г. прыпадабняецца ў шмат мясцох працам Скарыны. У Галіччыне яго Біблія была цалкам перакладзена на украінскую мову.