„Вунь гляньце, ўзноў штось засьвяціла,
„Ідзём туды — мо’ камень там!“
Кажу: — „Сі’ не нячыста сіла
Сьмяецца з нас? — схадзі ты сам!…“
— „Ды што там сам! ўсе йдзём, глянем
„Што там такое можа быць,
„А можа там якраз той камень
„Над скарбам тым агнём гарыць?“
Пашлі мы ўтрох, амацкам, ціха
На гэны аганёк якраз.
Падходзім бліжэй; што за ліха?!
Агонь раптоўна зьнік, пагас!
— „Хутчэй за мною братцы, далей!
„Пакуль шчэ певень не пяяў.
„Бо прападзе! Ну, што-ж вы сталі?
„Шукаць!“ — Дзям‘ян закіраваў.
Прайшоўшы крокаў больш як дваццаць
Ён раптам зашаптаў нам: — „Стой!
„Дальбог, не памыліўся братцы,
„Я камень маю пад нагой!“
Падбеглі, сталі яго мерыць
У шырыню і ў даўжыню,
Ну, можа з вас хто не паверыць,
Былі пры тым мы камяню,
Што ў пляні быў абазначоны,
Той самы! што тут і казаць!
Круглавы, з боку абтачоны
І з дзіркай; як-жа-ж не спазнаць?!
Нарыхтаваўшы ўтрох рыдлёўкі,
Пачалі камень мы вярнуць.
Аж раптам: нехта бац! з вінтоўкі,
Зьвяры ў лясу як заравуць!…
Старонка:Скарб (1927).pdf/15
Выгляд
Гэта старонка не была вычытаная