Як зарагоча хтосьці з боку,
Калі застогне увесь лес…
А Божачка Ты мой высокі,
Што-ж гэта ёсьць, куды я ўлез?!
З усіх бакоў тут чутны гукі:
— „Лавіць! жывых іх ня пушчаць!
„Пазьвязываць ім ногі, рукі,
„Ды скуру з іх хутчэй зьдзіраць!“
Аж панямелі мае ногі,
Рыдлёўка выпала мне з рук,
У вачох то ямы, то дарогі,
У галаве і шум і стук!…
Мурашкі сыпнулі за скуру,
Зьляцела шапка з валасоў,
Хоць маю сьмелую натуру,
Ды ўжо самлець я быў гатоў!
Чуць на зямлю не паваліўся
Аж застагнаў я: — „Ай! Пракоп!“
Дый крыху ўзад я пахіліўся,
Ды за плячо Пракопа — хоп!
Яго як варам абварыла, —
Ці мо‘ мяне ён не пазнаў!
Ўсяго тут нек закалаціла,
Ды ў лес ён ходу калі даў!…
Тут і ў мяне знайшліся ногі;
Я пёр за ім, — што сілы меў.
Не разьбіраў ужо і дарогі,
Ад страху — ледзь не ашалеў!
За намі-ж на канях ляцелі
Пранцузы — крычучы: „Лаві!“
„Вяжы іх, каб яны хварэлі,
„Сячы іх, рэж, калі, даві!!“
|}