Старонка:Рунь (1914).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А ты б што думаў? Я-ж не чараўнік які… Хэ-хэ

— Дзядуля! а вы ж даецё веры чараўніцтву?

— А-аё! Ахвота табе гаварыць пра тое, пра што ня трэба… А хто ж яго ведаіць! Ці мала чаго кажуць. Братка мой! усё адно — атказу не даб’ешся. А думаць пачнеш — адно спакой згубіш.

— А, Божэ! Дык ня ўжо ж так праз гэты, выбачайця, сьвінячы спакой калодаю гнілою жыцьцё пражыць і нічым не цікавіцца?

— Чаму? Я таго не кажу; пэўне, без цікавасьці што за чэлавек? Але гэта… Мяне во дзівіць вучыцель Балазевіч: на усё адгадкі знайшоў хлапец: Бога німа, памрэш, згніеш, вось табе і ўсё… Ну ці ня дурны! А, здаецца і дзяцюк нічога сабе, рахманы.

— Дык як жэ, дзедку?

— Як? А так, што, колькі трэба, ведай, а у вялікае не залазь, а то каб шыю, бывае, не скруціць І ня думай, што яно такое простае… Што німа нічога…

— Вы, дзядуля, як былі маладзей, не казалі, мусіць, таго?

— А што — «маладзей…» Як быў я маладзей, ішоў я раз а поўначы каля магілак, а была там сьвежая магіла: надоячы пан войт памёр. Даўся ён, гэты войт, пры жыцьці людзюхнам. Жорсткі чэлавек быў, нікому не дараваў, ніхай ужо сьвят ляжыць. І уміраў доўга і страшна, памерці ніяк ня мог, мучыўся дужа. Іду, значыцца, я сабе с качарэжкаю, адганяю думкі аб нябошчыку, а яны такі лезуць. Не гляджу туды,